Над касцёлам святога Францішка ў Копішчы ўзняліся крыжы

Пад рубрыкай: НАВIНЫ КУСТОДЫI |

384 кастрычніка, калі вернікі парафіі святога Францішка ў Копішчы, што на ўскраіне Мінска, адзначалі ўрачыстасць свайго нябеснага апекуна, іх новазбудаваную святыню ўвянчалі крыжы, якія благаславіў біскуп Юрый Касабуцкі.

 

Гэтай маладой каталіцкай супольнасцю, якая нарэшце мае свой касцёл, духоўна апякуюцца меншыя браты капуцыны. Як адзначыў вітаючы Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, кусташа Беларускай кустодыі Ордэна Меншых Братооў Капуцынаў брата Алега Шэнду OFMCap і шматлікіх удзельнікаў урачыстасці пробашч парафіі брат Андрэй Жылевіч OFMCap, шлях да гэтай знамянальнай падзеі заняў доўгія 25 гадоў.

 

Чвэрць стагоддзя таму ў Мінску распачаў служэнне брат Анатоль Ярошка — першы беларускі капуцын «новага пакалення», які сёлета адзначае срэбраны юбілей святарства. Менавіта яму была даручана душпастырская апека над католікамі ў мікрараёне Уручча. Аднак час ішоў, бюракратычныя працэдуры зацягваліся, а горад працягваў расці. Нарэшце манахам удалося атрымаць пляцоўку пад будаўніцтва касцёла і кляштара на самай ускраіне сталічных новабудоўляў, у вёсцы Копішча Бараўлянскага сельсавета.

 

Так на вуліцы Авіяцыйнай, у небе над якой часта відаць верталёты і самалёты размешчанага непадалёк авіяклуба, сярод прыгожых дамоў мікрараёна Новая Баравая побач са «школай Будучыні» ўзняліся прыгожыя сакральныя будынкі ў традыцыйным францішканскім стылі. У іх раманскіх абрысах цудоўным чынам спалучыліся італьянскія і беларускія архітэктурныя матывы, што адначасова нагадваюць базылікі роднага горада святога Францішка Асізі і наш славуты Мірскі замак.

 

Два гады таму арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў капліцу, што стала першым сакральным будынкам новага кпмплексу, які ўключае касцёл святога Францішка Асізскага і кляштар капуцынаў. За гады руплівага душпастырства і супольнай малітвы манахі пабудавалі не толькі прыгожую святыню з цэглы, камянёў і бетона, але перадусім нерукатворную святыню, складзеную з чалавечых сэрцаў. У супольнасці поўным ходам ідзе нармальнае прафіяльнае жыццё, і тое, што ў вернікаў ужо ёсць свой касцёл — яскравае пацвярджэнне жывой прысутнасці сярод іх Бога.

 

У прамоўленым падчас урачыстай святой Імшы Божым слове біскуп Юрый Касабуцкі адзначыў, што крыжы над новазбудаванай святыняй — бачны знак таго, што і ў Мінску працягваецца справа святога Франціка, якому Бог калісьці даручыў адбудаваць свой Касцёл. Іерарх звярнуў увагу на тое, што наш час чымсьці падобны на часы, калі жыў і дзейнічаў бядняк з Асізі, бо і тады людзі часта занядбоўвалі хрысціянскія абавязкі і жылі ў нязгодзе са сваім сумленнем і Божымі запаведзямі.

 

Прыклад жыцця сятога Францішка стаў для іх бачным заклікам да навяртання, да адраджэння рэлігійнага жыцця. Духоўным сынам святога Францішка братам капуцынам і даручаным іх душпастырскай апецы вернікам біскуп Юрый пажадаў быць сучаснымі сведкамі Евангелля, каб усё больш людзей маглі пазнаць Хрыста і знайсці ў Ім шлях да сапраўднага шчасця.

 

Пасля святой Камуніі ўдзельнікі ўрачыстасці разам з іерархам выйшлі на двор перад касцёлам, дзе адбылося благаслаўленне чатырох крыжоў. Адзін з іх з дапамогаю аўтавышкі рабочыя адразу ж усталявалі над цэнтральным фасадам касцёла. За той час, пакуль вернікі, атрымаўшы благаслаўленне, глядзелі падрыхтаваную наймалодшымі парафіянамі сцэнку пра святога Францішка і Ваўка і слухалі ўрыўкі з музычнай Ларэтанскай літаніі Станіслава Манюшкі ў выкананні хору Cantus Albaruthenicæ, завяршыўся мантаж яшчэ трох крыжоў над касцёлам і капліцай кляштарнага комплексу капуцынаў у Новай Баравой.

 

З гэтай важнай падзеяй у жыцці маладой каталіцкай супольнасці сваіх братоў і сясцёр у Хрысце павіншаваў прысутны на ўрачыстасці дыякан Іван Ляшчанка з праваслаўнага прыходу храма Мучаніцы Таццяны, які выказаў надзею на тое, што ўсе хрысціяне калісьці зноў аб’яднаюцца.

 

Своеасаблівай зарукаю і ў прамым сэнсе «прадсмакам» гэтага адзінства стаў супольны пасілак на адкрытым паветры на ўзор старажытных агапаў — «гасцін любові», якія адбываліся ў раннехрысціянскія часы да раздзялення адзінага Хрыстовага Касцёла на розныя канфесіі. Можна смела сцвярджаць, што такое яднанне пад крыжам Хрыста стала маленькім крокам да перадолення грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі; крокам насустрач міру і згодзе ў Праўдзе, якой так моцна сёння жадаюць нашыя суграмядзяне незалежна ад веравызнання.

 

Паводле матэрыялаў інтэрнет-партала catholic.by

Ад 05.10.2020. Пад рубрыкай НАВIНЫ КУСТОДЫI. Вы можаце сачыць за адказамі да гэтай запісы праз RSS 2.0. Адказы і заўвагі ў цяперашні час закрыты.