Смерць — гэта толькі пераход

Пад рубрыкай: НАВIНЫ КУСТОДЫI |

2014-10-03-transitusАдбылося набажэнства «Transitus» 3 кастрычніка ў мінскім касцеле Св. Роха на Залатой Горцы  з удзелам айцоў францішканаў Ордэну Меншых Братоў Капуцынаў (OFMCap) і Ордэну Меншых Братоў Канвентуальных (OFMConv).

 

Кожны год 3 кастрычніка, напярэдадні літургічнага ўспаміну святога Францішка Асізскага, усе францішканскія сем’і свету ўдзельнічаюць у асаблівым літургічным набажэнстве «Transitus» (з лац. transitus — пераход), якое ўзгадвае момант смерці ці пераходу да вечнага жыцця “Патрыярха ўбогіх” – св. Францішка Асізскага.

 

Святы адышоў з гэтага свету у суботу вечарам 3 кастрычніка 1226 года. Меў тады 45 год. Дваццаць з іх пакутаваў, а два апошнія гады жыцця насіў на руках, нагах і на баку раны Пана нашага Езуса Хрыста.

 

Вось так момант ягонай смерці апісывае св. Банавентура ў 13-м стагоддзі:

 

“Калі два гады пасля таго, як на ягоным целе Пан Бог адціснуў святыя стыгматы, і ў дваццатым годзе свайго навяртання, калі яго нішчылі паважныя і шматлікія хваробы, як камень, які павінен быць размешчаны ў будынку нябеснага Ерусаліма, і як мастацкае тварэнне, даведзенае да выдатнага стану малатком шматлікіх цярпеняў, ён прасіў, каб занеслі яго да (каплічкі) Маці Божай Парц’юнкулі, каб там, дзе ён прыняў Божую ласку, мог таксама аддаць Пану і духа жыцця.

 

Прынесены там, ён хацеў самастойна адкрыць праўду, што няма ў ім больш нічога супольнага з гэтым светам. Палаючы духам, агаліў сваё цела і нагім ляжаў на голай зямлі. Францішак жадаў у гэты апошні момант, калі вораг усё яшчэ блукае вакол яго, змагацца з ім адзін на адзін, нагім. Лежачы на зямлі, без вопраткі і мешкавіны, як звычайна, тварам павярнуўся да неба, і ўвесь, накіраваўшыся да славы нябеснай, сваёй левай рукой прыкрыўшы рану з правага боку, каб не было відаць раны, ён сказаў сваім братам: «Я зрабіў тое, што павінен быў зрабіць, пра тое, што належыць вам зрабіць, вас павучыць Хрыстос».

 

Калі падышоў ягоны час пераходу, даручыў склікаць усіх братоў, якія жылі там, каб перад аблічам смерці пацешыць іх ласкавымі бацькоўскімі словамі і заклікаць любіць Бога. Ён прамовіў апошнюю пропаведзь аб цярпенні і беднасці, а таксама аб вернасці Святому Рымскаму Касцёлу, ставячы вышэй за ўсё клопат аб захаванні Евангелля. Калі ўсе браты сядзелі вакол яго, ён выцягнуў рукі над імі у выглядзе крыжа, таму што заўсёды любіў гэты знак, і благаславіў усіх братоў, як прысутных, так і тых, хто адсутнічаў.

 

Ён сказаў: «Трывайце дзеці ў боязі Божай і заўсёды заставайцеся ў Богу. І хоць набліжаюцца ўжо да вас турботы і спакусы, благаслаўлёныя тыя, хто вытрывала працягвае тое, што пачаў. Я, аднак, спяшаюся да Бога, Якога ласцы вас усіх даручаю». Калі муж Божы скончыў гэтае апошняе настаўленне, ён загадаў прынесці да сябе кнігу Евангелля і папрасіў прачытаць яму Евангелле Яна, пачынаючы са слоў: • Перад святам Вялікадня (Ян 13,1). А сам, як толькі мог, ён маліўся словамі псальма: Голасам маім да Пана клікаў я, голасам маім Пану маліўся; (Пс 142) калі дайшоў да апошняга сказу, сказаў: “Вакол мяне збяруцца праведныя, калі Ты акажаш мне благаслаўленне”. (Пс 142) Калі выканаліся ў ім усе Божыя таямніцы і святую душу, вызваленую ад цела, агарнуў бязмер Божага свету, блаславёны муж спачыў у Пану”.

 

Сваім паслядоўцам св. Францішак заставіў такі запавет:

 

Усім хрысціянам, законнікам, духоўным і свецкім, мужчынам і жанчынам, усім, хто жыве на свеце, выказвае падзяку брат Францішак, слуга іх падданы, і жадае ім сапраўднага нябеснага супакою і шчырай любові ў Богу.

 

Будучы слугою для ўсіх, маю абавязак служыць усім і пераказаць словы майго Пана. Затым убачыўшы, што з-за хваробы і слабасці цела не магу кожнага паасобку адведаць, я вырашыў у гэтым лісце і пасланні пераказаць вам словы Пана нашага Езуса Хрыста, які з*яўляецца словам Айца, і словы Святога Духа, які ёсць духам і жыццём.

 

Бог Айцец хоча, каб мы ўсе былі праз Яго збаўленыя і каб прымалі Яго чыстым сэрцам і целам. Але шмат ёсць такіх, хто прагне прыняць Яго і атрымаць праз Яго збаўленне, хоць “ярмо Маё добрае і цяжар Мой лёгкі”. Якія ж аднак шчаслівыя і благаславёныя тыя, хто любіць Пана і хто робіць так, як сам Пан гаварыў у Евангеллі: “Палюбі Пана Бога Твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою, і ўсім разуменнем тваім. Палюбі бліжняга твайго, як самога сябе”. Бедзем жа любіць Бога і праслаўляць Яго чыстым сэрцам і чыстымі думкамі, бо Ён гэта перад усім прагне, калі гаворыць: “Сапраўдныя шанавальнікі твае будуць складаць пашану Айцу ў Духу і ў праўдзе”, бо трэба, каб усе, хто “Яму аддае пашану, шанавалі Яго ў Духу і ў праўдзе”. Давайце праслаўляць Яго і маліцца ўдзень і ўначы, гаворачы: “Ойча наш, каторы ёсць у небе”, бо мы павінны заўсёды “маліцца і не стамляцца”.

 

І будзем любіць бліжніх, як саміх сябе. А калі хто не хоча, або не можа іх так любіць, як сябе, няхай, прынамсі, не робіць ім нічога злога, але робіць ім дабро.

А на ўсіх, хто будзе так чыніць і вытрывае аж да канца, спачне Дух Панскі і будзе прабываць у іх, і будуць сынамі Айца Нябеснага, бо выконваюць Яго учынкі і з*яўляюцца ўмілаванымі, братамі і маці нашага Пана Езуса Хрыста.

(З паслання св. Францішка да ўсіх вернікаў)

ФОТАРЭПАРТАЖ

ФОТА

Падрыхтаваў а. Аляксандр Улас OFMConv

Паводле  catholic.by

Ад 04.10.2014. Пад рубрыкай НАВIНЫ КУСТОДЫI. Вы можаце сачыць за адказамі да гэтай запісы праз RSS 2.0. Адказы і заўвагі ў цяперашні час закрыты.