5 мая 2015 года ў Докшыцах адбылося спатканне святароў, законных братоў і сясцёр Віцебскай дыяцэзіі.
Дзень духоўных сустрэч распачаўся адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту, супольнай малітвай брэвіярыя і Ларэтанскай літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі. А 12 гадзіне распачалася святая Імша, якую цэлебраваў пастыр Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Ва ўступным слове біскуп прывітаў усіх братоў у святарстве, законных сясцёр, таксама падзякаваў за прысутнасць кс. пралату Аляксандру Рагіню, нашаму суайчынніку, які зараз працуе ў нунцыятуры ў Астане.
Падчас гаміліі, а. Станіслаў Памыкала SJ нагадаў, што жыццё чалавека на зямлі з’яўляецца змаганнем. “Каб мы маглі выстаяць у гэтай барацьбе, Хрыстос дае нам сёння словы “Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца.” Бог нам праз гэтыя слова дае ўнутраную мудрасць. Слова Божае прыходзіць да нас, каб падарыць нам мудрае сэрца, верную душу і пакорлівы розум. Толькі тады, мы зможам адкрыцца, прыняць і жыць па-сапраўднаму ў сучасным свеце,” – прамовіў святар.
Пасля Літургіі адбыліся аб’явы для святароў. Штомесячны дзень духоўных сустрэч святароў і законных сясцёр скончыўся супольным абедам.
глядзець ФОТАРЭПАРТАЖ Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Паводле матэрыялаў catholicnews.by