27 лістапада ў парафіі Святога Андрэя ў Слоніме прайшоў парафіяльны адпуст. Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Канцэлебравалі літургію пробашч парафіі бр. Віталій Юркевіч OFM Cap, ксёндз дэкан Ігар Анісімаў, бр. Вітальд Жэльветра OFM Cap, кс. Андрэй Пышыньскі і бр. Юрый Катовіч OFM Cap. На святой Імшы прысутнічаў таксама старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі.
Свята святога Андрэя ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 30 лістапада, аднак парафіяльная супольнасць перанесла адпустовую ўрачыстасць на нядзелю.
Падчас Імшы біскуп звярнуў увагу прысутных на постаць апекуна слонімскай парафіі — святога Андрэя, брата Сымона-Пятра. Згодна з Евангеллем паводле Яна, Андрэй спачатку належаў да супольнасці вучняў св. Яна Хрысціцеля, а потым па парадзе свайго настаўніка пайшоў за Езусам, узяўшы з сабою брата. Такім чынам Андрэй стаў першым вучнем Хрыста.
30 лістапада 60 г. у грэчаскім горадзе Патрасе ён прыняў мучаніцкую смерць праз укрыжаванне: апостал быў прыбіты да крыжа ў форме літары «Х», які пазней стаў называцца крыжом святога Андрэя.
Свята св. Андрэя, як было згадана, з’яўляецца важнай датай у народным календары, з якой звязана шмат традыцый (напр., «Андрэйкі»). Святы з’яўляецца апекуном рыбакоў, плыўцоў, добрага сужэнства і дзяцей. Яго заступніцтва просяць ад артрыту і сутаргаў.
З гісторыі парафіі
Парафія ў Слоніме мае даўнюю гісторыю, пазначаную, як і ў многіх іншых парафій у Беларусі, трагічнымі старонкамі. Сённяшні Андрэеўскі касцёл — помнік архітэктуры позняга барока, пабудаваны з цэглы ў 1775 годзе. Першапачаткова на яго месцы быў драўляны касцёл, заснаваны каля 1490 года па фундацыі караля Казіміра IV Ягелончыка.
Новы будынак касцёла быў узведзены ў 1595 годзе канцлерам Львом Сапегам, але ў 1660 годзе ізноў перабудаваны — святыні былі нададзены рысы барока. Інтэр’ер касцёла быў багата ўпрыгожаны ў стылі ракако. Падчас Першай сусветнай вайны касцёл быў моцна пашкоджаны, а пасля яе заканчэння ізноў адноўлены.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны касцёл св. Андрэя пэўны час не дзейнічаў. Толькі ў 1990-я гады святыня была адрэстаўравана і перададзена вернікам. Касцёл парафіяне аднаўлялі сваімі сіламі. Цяпер касцёл святога Андрэя — адзін з прыгажэйшых храмаў Слонімшчыны.
Паводле інтэрнет-партала catholic.by