У Імя Пана
I. Пра тых, хто чыніць пакаянне
1 Усе, хто любяць Пана ўсім сэрцам, усёю душою, розумам і ўсёю сілаю (пар. Мк 12,30), а сваіх бліжніх любяць як саміх сябе (пар. Мц 22,39),
2 ды ненавідзяць свае целы з заганамі і грахамі
3 і прымаюць Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста
4 і прыносяць годныя плады пакаяння —
5 о, якія ж яны шчаслівыя і бласлаўлёныя, калі робяць усё гэта і ў тым трываюць,
6 бо Дух Святы адпачне на іх (пар. Іс 11,2) і ўчыніць з іх дом і месца свайго знаходжання (пар. Ян 14,23);
7 і яны — сыны Айца нябеснага (пар. Мц 5,45), Якога справы робяць; і яны — нарачоныя, браты і маці Пана нашага Езуса Хрыста (пар. Мц 12,50).
8 Мы Яго нарачоныя, калі верная душа злучаецца ў Духу Святым з Панам нашым Езусам Хрыстом.
9 Мы Ягоныя браты, калі выконваем волю Айца, які ёсць у небе (пар. Мц 12,50).
10 Ягоная маці, калі носім Яго ў сэрцы і ў нашым целе (пар. 1 Кар 6,20) праз Божую любоў, а таксама чыстае і шчырае сумленне; мы нараджаем Яго праз святыя ўчынкі, якія павінны служыць добрым прыкладам для іншых (пар. Мц 5,16).
11 Які гэта гонар — мець у небе святога і вялікага Айца!
12 Якая гэта святая, цудоўная, прыгожая і вартая захаплення справа — мець такога Нарачонага!
13 Якая святая і мілая, вартая задавальнення, пакорная, адорваючая спакоем, салодкая, вартая любові і больш за ўсё жаданая справа — мець такога брата і сына — Пана нашага Езуса Хрыста! Ён аддаў жыццё за сваіх авечак (пар. Ян 10,15) і маліўся да Айца, кажучы:
14 Ойча святы, у імя Тваё захавай тых (пар. Ян 17,11), якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі і Ты даў Мне іх (пар. Ян 17,6).
15 І словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне (пар. Ян 17,8).
16 Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу (пар. Ян 17,9).
17 Асвяці іх у праўдзе (пар. Ян 17,17). І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвечаныя ў праўдзе (пар. Ян 17,19).
18 Не толькі за іх прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга (пар. Ян 17,20), каб былі ў адзінстве дасканалымі (пар. Ян 17,23), як і Мы (пар. Ян 17,11).
19 Ойча, хачу, каб тыя, каго Ты даў Мне, былі са Мною там, дзе Я, каб бачылі славу Маю (пар. Ян 17,24) у валадарстве Тваім (пар. Мц 20,21). Амэн.
II. Пра тых, хто не чыніць пакаяння
1 Усе тыя, хто не чыніць пакаяння
2 і не прымае Цела і Крыві Пана нашага Езуса Хрыста,
3 хто робіць злачынствы і грашыць, хто паддаецца ліхой пажадлівасці і ліхім прагненням свайго цела,
4 не захоўвае тое, што абяцаў Пану,
5 і служыць цялесна свету цялеснымі прагненнямі, клопатамі і турботамі гэтага жыцця, —
6 апанаваныя д’яблам і з’яўляюцца ягонымі сынамі, выконваюць ягоныя ўчынкі (пар. Ян 8,41);
7 яны сляпыя, бо не бачаць сапраўднага Святла — Пана нашага Езуса Хрыста.
8 У іх няма духоўнай мудрасці, бо яны не маюць Сына Божага, які з’яўляецца сапраўднай Мудрасцю Айца;
9 пра іх сказана: Мудрасць іхняя знікла (пар. Пс 106,27) і: праклятыя, якія адыходзяць ад запаведзяў Тваіх (пар. Пс 118,21).
10 Яны бачаць і пазнаюць, ведаюць і робяць дрэнна, і самі свядома губяць душу сваю.
11 Глядзіце, сляпыя, падманутыя вашымі ворагамі — целам, светам, д’яблам; бо целу салодка грашыць, а Богу служыць горка;
12 бо, як гаворыць Пан у Евангеллі, усе заганы і грахі паходзяць і выходзяць з людскога сэрца (пар. Мк 7, 21.23).
13 І нічога вы не маеце ні ў гэтым, ні ў будучым свеце.
14 Вам здаецца, што вы доўга будзеце валодаць марнасцю гэтага свету, але вы ашукваецеся, бо прыйдзе дзень і гадзіна, пра якія вы не думаеце, не ведаеце і якіх не знаеце; цела хварэе, набліжаецца смерць, і так памірае ў горычы.
15 І дзе, калі і якім бы чынам ні паміраў чалавек у смяротным граху без пакаяння і выпраўлення крыўды, калі ён мог выправіць яе, а не зрабіў гэтага — шатан выкрадае ягоную душу і цела з такім прыгнётам і мукаю, пра якія ніхто не можа ведаць, пакуль гэтага не адчуе.
16 І ўсё багацце, і ўлада, і веды, і мудрасць (пар. 2Кр 1,12), пра якія яны думалі, што маюць іх, былі ім аднятыя (пар. Лк 8,18; Мк 4,25).
17 Яны засталіся яго родным і сябрам, а тыя ўзялі ды падзялілі ягоную маёмасць, а потым сказалі: «Няхай будзе праклятая яго душа, бо ён мог больш нам даць і сабраць, чым сабраў».
18 Цела ядуць чэрві; вось так загубілі цела і душу ў сваім кароткім жыцці і пойдуць у пекла, дзе будуць цярпець бясконцыя мукі.
19 Усіх тых, хто атрымае гэты ліст, просім у імя любові, якою ёсць Бог (пар. 1 Ян 4,16), каб гэтыя згаданыя вышэй духмяныя словы Пана нашага Езуса Хрыста сардэчна прынялі з любові да Бога.
20 А тыя, хто не ўмее чытаць, няхай паклапоцяцца пра тое, каб ім як мага часцей чыталі іншыя.
21 І няхай захоўваюць гэтыя словы, якія ёсць дух і жыццё (пар. Ян 6,64), паводзячы сябе свята да канца жыцця.
22 Тыя ж, хто не выканае гэтага, павінны будуць трымаць справаздачу ў судны дзень (пар. Мц 12,36) перад трыбуналам Пана нашага Езуса Хрыста (пар. Рым 14,10).