
Браты Капуцыны
Манаская супольнасць капуцынаў, у адным шэрагу з іншымі францішканскімі ордэнамі, з’яўляецца прамой пераймальніцай багатай духоўнасці святога Францішка з Асізі. Як самастойны Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў зацверджаны булай Папы Клімента VII 3 ліпеня 1528 года. З’яўленне гэтай супольнасці было абумоўлена радыкальным жаданнем наследаваць Езуса Хрыста, жывучы ва ўбогай братэрскай супольнасці.

Галоўнай рысай капуцынскай духоўнасці з’яўляецца няспыннае, асабістае шуканне першапачатковага ідэалу, які адкрыў і рэкамендаваў сваім братам-паслядоўнікам святы Францішак, калі заахвочваў наследаваць Езуса Хрыста, беднага і пакорнага. Зразумела, што першае месца ў жыцці капуцына займае малітва, асабліва кантэмпляцыйная (сузіральная).
Істотнай прыкметай таксама з’яўляецца беднасць, якая выражае суровасць жыцця і добраахвотнасць пакаяння. Характарызуе капуцынаў і радаснае прабыванне сярод людзей бедных ды хворых, падзяляючы іх долю і дзелячыся з імі духоўнымі каштоўнасцямі. Шлюбуючы паслухмянасць, беднасць і чыстасць, апранутыя ў карычневы габіт з характэрным доўгім завостраным каптурам, падперазаныя звычайнай белай вяроўкай, капуцыны, выбіраючы просты лад жыцця ў розных краінах на ўсіх катынентах, імкнуцца дакладней ажыццяўляць Святое Дабравесце, захоўваючы вернасць Каталіцкаму Касцёлу.
На практыцы гэтае заданне капуцыны рэалізуюць, апякуючыся беднымі або штодзённа выконваючы, паводле здольнасцяў і адукацыі, абавязкі сакрыстыяніна, арганіста, садоўніка, краўца, выкладчыка і шмат іншых. Браты-святары, прысвячаючы сябе душпастырству, служаць людзям як спаведнікі, духоўныя кіраўнікі і прапаведнікі. 
На сённяшні дзень капуцынская супольнасць налічвае ў свеце больш за адзінаццаць тысяч братоў. За пяцьсот гадоў гісторыі ордэна трынаццаць капуцынаў былі абвешчаны святымі, а трыццаць чатыры — благаслаўлёнымі. Найбольш вядомыя з іх: святы Фелікс з Канталічэ, святы айцец Піо, благаслаўлёны айцец Ганарат Казмінскі.
