Капуцыны ў Беларусі
  • Спасылкі
  • Вытворчасць
  • Бібліятэка
  • Форум
  • ГАЛЕРЭЯ
  • ГАЛОЎНАЯ
    • Святы Францішак
    • Браты Капуцыны
    • Капуцыны ў Беларусі
    • Быць капуцынам
    • Кантакты
НОВАЕ НА САЙЦЕ

Дадана чарговую канферэнцыю з нагоды 800-годдзя ФОС
24.07.2021

У Caritas Мінск — новы дырэктар
16.04.2021

Новы адміністратар сайта
16.04.2021

УСЕ АБНАЎЛЕННІ

… … …

    • Браты капуцыны
    • Гісторыя
    • Правіла
    • Святыя

Гісторыя

FrancRycУ гісторыі паўсюднай Царквы 1528 год замацаваўся як дата паўстання Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, але крыніцы гэтай манаскай супольнасці сягаюць пачатку XIII стагоддзя і непасрэдна звязаныя з асобай святога Францішка Асізскага.
Сярэднія вякі ў гісторыі Еўропы з’яўляюцца сведкамі значных сацыяльных пераменаў і паўстання новых грамадскіх класаў. Па сваёй сутнасці сярэднявечча – гэта эпоха кантрастаў: анельскасці і варваства, святасці і злачыннасці, Божага супакою і няспыннай вайны, абыякавасці да права і суровай пакуты, рыцараў-абаронцаў і рыцараў-разбойнікаў.
Такая рэчаіснасць, натуральна, не магла не адбіцца на сітуацыі, якая ў той перыяд складалася ў жыцці каталіцкай Царквы. З аднаго боку, яна карысталася адносна моцнымі ўплывамі на грамадскасць заходняй і цэнтральнай Еўропы, а з другога – перажывала нарастанне ўнутранага бязладдзя і сур’ёзных пераменаў.
У гэтай эпосе і ў такіх акалічнасцях з’яўляецца асоба святога Францішка, які лагодна прапануе вярнуцца да вытокаў хрысціянства, да простага, сапраўднага жыцця Евангеллем. Папа Інакенцій ІІІ, адчуваючы шчырасць намераў асізскага юнака, успамагае яго сваёй падтрымкай. Прыклад Францішка прыцягвае да яго людзей, якія ўсведамлялі неабходнасць зменаў і шчыра сумавалі па дасканалым рэалізаванні Евангелля. Менавіта так распачынаецца гісторыя найбольш шматлікай у каталіцкай Царкве манаскай сям’і францішканцаў.
Францішак (1181/2-1226 ) вядомы як сын багатага купца Пятра Бернардонэ з Асізі. Пасля бесклапотнага юнацтва, крануты асаблівай ласкай Бога, адмаўляецца ад бацькоўскага багацця і аддаецца пакутнаму, простаму жыццю, стараючыся быць верным пераймальнікам святога Дабравесця. Калі вакол яго пачалі збірацца першыя аднадумцы, яны разам павандравалі ў Рым, дзе і атрымалі ад папы вусную згоду на рэалізаванне такога ладу жыцця ў каталіцкай Царкве. Колькасць “Пакутнікаў з Асізі” (такую пачаткова назву прыняла гэта група) хутка расла. Арганізаванне жыцця супольнасці братоў, якая хутка павялічвалася, патрабавала больш выразнага заканадаўства. Канчатковае зацвярджэнне Правіла новапаўсталага Ордэна Меншых Братоў папам Ганорыем ІІІ адбылося 29 лістапада 1223 года.
klasztorConvЯшчэ пры жыцці святога колькасць братоў вельмі хутка павялічвалася і на капітуле ў 1219 годзе яна ўжо перавышала пяць тысяч. Неўзабаве меншыя браты абвяшчэннем Добрай Навіны ахапілі ўсю каталіцкую Еўропу. Хоць лічыцца, што ў Вялікім княстве Літоўскім місіянерскую дзейнасць францішканцы пачалі пры вялікім князю Гедыміну ў XІV стагодзі, ёсць усё ж сведчанні, што на нашых землях францішканін быў прысутны на каранацыі князя Міндоўга ўжо ў 1240 годзе. У нас ордэн хутка распаўсюдзіўся і ўнёс неацаняльны ўклад у развіццё заходняй галіны хрысціянства. Трагічна знішчальнай для іх стала царская палітыка ХІХ стагодзя.

bratЗанадта агульны змест Правіла, неадназначнае яго разуменне, а адсюль і разыходжанні ва ўкараненні ягоных ідэй у канкрэтнае жыццё сталі прычынамі досыць хуткага паўстання некалькіх рэформ, якія прывялі да разгалінавання манаства аднаго францішканскага дрэва.
Разыходжанні галоўным чынам заключаліся ў тым, што адны імкнуліся літаральна прытрымлівацца парад і прыкладу Заснавальніка, а другія, спасылаючыся на выдадзеныя Рымскай Курыяй прывілеі, паступова адыходзілі ад пачатковай суровасці жыцця, прыстасоўваючыся да зменлівай рэчаіснасці. У выніку ў адзінай супольнасці францішканцаў штораз выразней вырысоўваўся падзел на дзве асобныя плыні: меншых братоў абсэрвантаў і меншых братоў канвентуальных . Гэты працэс давёў да таго, што ўрэшце рэшт у 1517 годзе папа Леў Х спецыяльнай булай юрыдычна зацвердзіў два асобныя ордэны, кожны з каторых быў пераймальнікам святога Францішка і сваю дзейнасць абапіраў на ягоным Правіле.
Нават такі рашучы крок папы Ільва Х утаймаваў сітуацыю зусім не на доўга. У розных рэгіёнах знаходжання братоў абсэрвантаў пачаў адбывацца адыход ад пачатковай суровасці і зноў станавілася актуальным пытанне пра разуменне і рэалізаванне Правіла. Такая сітуацыя спрыяла паўстанню чарговых рэформ у ордэне абсэрвантаў.
У гэтых працэсах запачаткавалася таксама супольнасць, якая пазней перарасце ў Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў.

а. Мацвей з Башыо

а. Мацвей з Башыо

Яе паўстанне звязана з асобай айца Мацвея з Башыо (1495-1552). Малады манах абсэрванскага ордэна старанна захоўваў францішканскае Правіла, жыў у радыкальнай беднасці, дапамагаў хворым чумой і вандраваў, абвяшчаючы Евангелле ды заклікаючы да пакаяння. Ягоны прыклад заахвоціў іншых братоў, якія бачылі ў ім узор сапраўднага рэалізавання францішканскага паклікання. Такое развіццё падзей выклікала непакой, унутраныя цяжкасці і адпаведныя захады супольнасці абсэрвантаў. У сваю чаргу прыхільнікі новага спосабу жыцця, карыстаючыся падтрымкай мясцовага біскупа, аддаліся пад апеку князскага роду Чыбо. Суровасцю свайго жыцця і ахвярнасцю ў паслузе хворым ім удалося здабыць яшчэ большую прыхільнасць простых людзей і знатнага роду княства Камерыно. А дзякуючы старанню княгіні Кацярыны Чыбо новая рэформа меншых братоў атрымала адпаведную згоду Апостальскай Сталіцы, выражаную папам Клемансам VII у буле з 3 ліпеня 1528 года.
Ва ўмовах паўстаючай ў Еўропе рэфармацыі першыя крокі маладой і яшчэ не вельмі вялікай супольнасці былі дастаткова хісткімі і не пазбаўленымі ўнутраных напружанняў. Справа даходзіла нават да спробаў ліквідацыі новай рэформы. Дзякуючы захадам айца Бернардына Паллі (1485-1557), абранага ў 1546 годзе вышэйшым кіраўніком супольнасці, капуцынаў удалося выратаваць. За кароткі час ён патрапіў узмацніць ордэн знутры і павялічыць ягоны аўтарытэт у Царкве. У 1560 годзе папа Павел IV адпаведнай булай канчаткова пацвердзіў капуцынскую рэформу.
Наступны перыяд жыцця ордэна характарызуецца вельмі дынамічным развіццём. Хоць пачаткова Апостальская Сталіца не дазваляла на распаўсюджванне капуцынаў на поўнач за Альпы, усё ж іх дзейнасць актыўна пашыралася на тэрыторыі Італіі і ва ўсім басейне Міжземнага мора. Неўзабаве ордэн аб’ядноўваў 15 асобных правінцый, налічваў каля 2500, братоў размешчаных у 105 кляштарах. Такі хуткі рост паспрыяў таму, што ў 1574 годзе папа Рыгор ХІІІ знёс абмежаванне, дазволіўшы капуцынам пашыраць сваю дзейнасць на ўвесь свет. Була папы Паўла V з 1619 года завяршыла этап паўстання Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў. Яна называла капуцынаў сапраўднымі сынамі святога Францішка, а супольнасці надавала незалежныя і аўтаномныя правы сярод іншых францішканскіх ордэнаў.

 

бр. Алег Шэнда

« Уверх
Маладзечна
Мінск
Слонім
Смалявічы
Ліпнішкі
Докшыцы
Вільнюс

Кантакты:


Курыя Кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў
вул. Гарадзецкая д.22 кв.152
220125 Мінск Беларусь
Тэл. / факс (8-017) 221-74-08
e-mail Курыі: belarus.ofmcap@gmail.com

Адміністратар сайта: jansadouski@gmail.com

Супольнасцi братоў:


Мінск
Слонім
Маладзечна
Докшыцы
Ліпнішкі
Смалявічы
Вільнюс