-
![](/images/top2.png)
Духоўнасць
У аснове Францішканскай Духоўнасці ляжыць Евангельскі ідэал і падабенства Хрысту, увасобленыя ў жыццё, дзейнасць і думкі св.Францішка. Францішканцы вераць у Бога Адзінага ў Найсвяцейшай Троіцы, Які ёсць Вышэйшае Дабро і Любоў, Стваральнік усяго свету і любячы Айцец. Сваімі малітвамі і ўсім сваім жыццём яны служаць Яму і славяць Яго з сэрцамі, поўнымі радасці і ўдзячнасці.
Свой вышэйшы жыццёвы ідэал яны бачаць у падабенству Хрысту, а шлях яго рэалізацыі — у жыцці па Евангеллю ў духу беднасці і паслухмянасці.
У кожным чалавеку, асабліва ў бедным, няшчасным, пакінутым, яны бачаць брата, які дастойны любові, павагі і чалавечага цяпла.
Навакольны свет для францішканцаў — гэта сродак і шлях набліжэння чалавека да Бога; у гэтым — крыніца францішканскай радасці, міратворчай місіі і братэрскіх адносін да прыроды.
На працягу вякоў францішканскай духоўнасцю жылі і абагачалі яе шматлікія святыя — не толькі тыя, хто быў афіцыйна далучаны да ліку святых, або благаслаўлёных і чые імёны ўненесены ў францішканскі каляндар, але і тыя, хто да канца застаўся верным францішканскаму ідэалу ў сваім штодзённым, часам непрыкметным для іншых, жыцці.
![](/images/niz2.png)