ПРАВІЛА СВ. ФРАНЦІШКА, ЗАЦВЕРДЖАНАЕ БУЛАЮ

(студыйны варыянт перакладу)

 

Правіла св. Францішка з’яўляецца духоўнай нормай жыцця для Меншых Братоў Капуцынаў. Больш дакладныя нормы, прыстасаваныя да змяняючыхся ўмоваў часу, знаходзяцца ў Канстытуцыях Ордэна, якія павінны дапамагаць братам захоўваць вернасць Правілу.

 

ТЭКСТ ПРАВІЛА:

 

Раздел I. У імя Пана! Пачынаецца жыццё Меншых Братоў:

1 Правіла і жыццё Меншых Братоў такія: захоўваць святое Евангелле Пана нашага Езуса Хрыста, жывучы ў паслухмянасці, без уласнасці і ў чыстасці.

2 Брат Францішак абяцае паслухмянасць і пашану Уладыцы Папе Ганорыю і яго кананічна абраным наступнікам, і Рымскаму Касцёлу.

3 Іншыя ж браты павінны быць паслухмянымі брату Францішку і яго наступнікам.

 

Раздел II. Аб тых, хто хоча прыняць гэтае жыццё, і якім чынам яны павінны быць прынятыя

1 Калі хто захоча прыняць гэтае жыццё і прыйдзе да нашых братоў, няхай адашлюць яго да сваіх правінцыяльных міністраў, якія толькі і маюць права прымаць братоў, і ніхто іншы.

2 Міністры ж няхай старанна правераць іх адносна каталіцкай веры і сакрамэнтаў Касцёла.

3 І калі яны вераць ва ўсё гэта і хочуць гэта верна вызнаваць, і аж да канца цьвёрда захоўваць,

4 і не маюць жонак, або, калі маюць, то жонкі ўжо пайшлі ў манастыр, або, маючы зацвярджэнне дыяцэзіяльнага біскупа, адпусцілі іх, а самі далі абет устрымання, і ўзрост жонак такі, што не можа аб іх нарадзіцца падазронасць,

5 няхай скажуць ім словы святога Евангелля (пар. Мц 19, 21), каб пайшлі і прадалі ўсё сваё і імкнуліся раздаць бедным.

6 Калі так не могуць зрабіць, то дастатковай з’яўляецца іх добрая воля.

7 І няхай паўстрымаюцца браты і іх міністры ад таго, каб умешвацца ў іх зямныя справы, каб яны свабодна маглі вырашаць свае справы так, як Пан іх натхне.

8 Калі ж, аднак, папросяць парады, то міністрам дазваляецца паслаць іх да іншых богабаязных людзей, па радзе якіх тыя б раздалі сваю маёмасць бедным.

9 Затым [міністры] дадуць ім адзенне выпрабавальнага тэрміну, гэта значыць — дзве тунікі без капюшона, і паясны шнур, і штаны, і капарон да пояса,

10 хіба што больш адпаведнае будзе здавацца тым жа міністрам перад Богам.

11 Па заканчэнні ж года выпрабавальнага тэрміну яны павінны быць прыняты ў паслухмянасць, паабяцаўшы заўсёды захоўваць гэтае жыццё і Правіла.

12 І ў адпаведнасці з пастановай Уладыкі Папы, не дазваляецца ім ані ў якім выпадку выйсці з гэтага Ордэна,

13 бо паводле Святога Евангелля, ніхто з тых, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага (Лк 9, 62).

14 А тыя, хто ўжо паабяцаў паслухмянасць, няхай маюць адну туніку з капюшонам і другую, без капюшона, хто захоча мець.

15 А хто вымушаны патрэбай, можа насіць абутак.

16 І ўсе браты няхай адзяваюцца ў таннае адзенне, і могуць латаць яго мешкавінаю ці іншымі акраўкамі з Божым благаслаўленнем.

17 Я заклікаю і намаўляю, каб ані пагарджалі, ані асуджалі людзей, якіх убачаць, што яны носяць мяккую рознакаляровую вопратку, або ядуць і п’юць далікатэсныя стравы, але няхай больш кожны асуджае і пагарджае сабою самім.

 

Раздзел III. Аб Літургіі Гадзінаў і посце, і як браты павінны ісці праз свет

1 Тыя, хто атрымаў пасвячэнні, няхай адпраўляюць Літургію Гадзінаў паводле рытуала Рымскага Касцёла за выключэннем Псалтыра,

2 таму могуць мець Брэвіярыі.

3 А браты без пасвячэнняў няхай чытаюць дваццаць чатыры разы «Ойча наш» за Ютрань; за хвалебную частку Ютрані — пяць; за першую, трэцюю, шостую, дзявятую гадзіну, за кожную з іх — сем; а за Нешпары — дванаццаць; за Камплету — сем;

4 і няхай моляцца за памерлых.

5 І няхай посцяць ад свята Усіх Святых да Нараджэння Пана.

6 Святую ж чатырохдзесятніцу, якая пачынаецца ад Аб’яўлення [Пана] і доўжыцца без перапынку сорак дзён, якую Пан асвяціў сваім святым постам (пар. Мц 4, 2), калі хто добраахвотна будзе пасціцца, няхай будуць благаслаўлёныя ад Пана, а хто не, тыя не абавязаныя.

7 Але ў іншую [чатырохдзесятніцу] — перад Уваскрасеннем Пана — няхай посцяць.

8 У іншыя ж перыяды не абавязаныя пасціцца, акрамя пятніцы.

9 У часе відавочнай патрэбы браты не абавязаныя да цялеснага посту.

10 Аднак раю, прапаную і пераконваю братоў маіх у Пану Езусе Хрысце, каб, калі будуць ісці праз свет, не распачыналі сварак ані слоўных спрэчак (пар. 2 Цім 2, 14), ані асуджалі іншых;

11 але няхай будуць ціхімі, міратворцамі і сціплымі, лагоднымі і пакорнымі, шчыра размаўляючы з усімі, каб было прыстойна.

12 І не павінны ездзіць конна, хіба толькі вымушаныя відавочнай патрэбай або хваробаю.

13 У які б дом ні ўвайшлі, спачатку няхай скажуць: «Супакой гэтаму дому» (пар. Лк 10, 5).

14 І, паводле святога Евангелля, дазваляецца есці ўсю ежу, якую ім пададуць (пар. Лк 10, 8).

 

Раздзел IV. Аб тым, каб браты не прымалі фінансавых сродкаў

1 Настойліва загадваю ўсім братам, каб ніякім чынам не прымалі грошай ці іншых фінансавых сродкаў ані асабіста, ані праз пасрэдніка.

2 Аднак, пра патрэбы хворых і пра адзенне для іншых братоў павінны клапаціцца толькі міністры і кусташы, забяспечваючы [ўсім неабходным] праз духоўных сяброў, у адпаведнасці з месцам і сезонам, і халоднымі рэгіёнамі, як ім будзе здавацца неабходным;

3 каб заўсёды захоўвалася тое, што было сказана: грошай ці іншых фінансавых сродкаў няхай не прымаюць.

 

Раздзел V. Лад працы

1 Тыя браты, якім Пан даў ласку працаваць, няхай працуюць верна і пабожна,

2 каб, пазбавіўшыся, бяздзеяння, ворага душы, не гасілі б духа святой малітвы і пабожнасці, якому павінна служыць усё іншае зямное.

3 У якасці ж зарплаты, сабе і сваім братам для цялесных патрэбаў няхай возьмуць неабходнае, акрамя грошай ці іншых фінансавых сродкаў,

4 і тое з пакораю, як належыць слугам Божым і прыхільнікам найсвяцейшай беднасці.

 

Раздзел VI. Аб тым, каб браты нічога сабе не прысвойвалі, аб жабраванні міласціны, і аб хворых братах

1 Браты няхай нічога сабе не прысвойваюць: ані дома, ані месца, ані чагосці іншага.

2 І як вандроўнікі і чужынцы (пар. 1 П 2, 11) у гэтым свеце, у беднасці і пакоры Пану служачы, няхай ходзяць па міласціну з упэўненасцю,

3 і не павінны саромецца, бо Пан дзеля нас зрабіў сябе бедным у гэтым свеце (2 Кар 8, 9).

4 Вось яна, тая веліч найвышэйшай беднасці, якая вас, мае найдаражэйшыя браты, зрабіла спадкаемцамі і каралямі Валадарства Нябеснага (пар. Як 2, 5).

5 Яна няхай будзе той вашай доляй, якая прывядзе ў краіну жывых (пар. Пс 142, 6).

6 За яе, умілаваныя браты, да астатку ўхапіўшыся, нічога іншага, дзеля імя Пана нашага Езуса Хрыста, аніколі пад небам мець не жадайце.

7 І, дзе б ні былі і не апынуліся б разам браты, няхай паводзяць сябе ў адносінах адзін да аднаго як хатнія.

8 І няхай без асцярогі адкрываюць адзін аднаму сваю патрэбу, бо калі маці корміць і любіць сына свайго (пар. 1 Тэс 2, 7) цялеснага, то наколькі ж руплівей павінен хтосці любіць і карміць свайго брата духоўнага?

9 А калі каго з іх зваліць хвароба, то іншыя браты павінны ім апекавацца так, як хацелі б, каб імі самімі апекаваліся (пар. Мц 7, 12).

 

Раздзел VII. Аб пакаянні, якое будзе прымяняцца для братоў, якія саграшылі

1 Калі хто з братоў, падбухтораны ворагам, смяротна саграшыць грахамі, адносна якіх было пастаноўлена сярод братоў, каб звяртацца толькі да правінцыяльных міністраў, абавязаныя ўзгаданыя браты звярнуцца да іх як мага хутчэй, без прамаруджвання.

2 Самі ж міністры, калі яны прэзбітэры, няхай з міласэрнасцю загадаюць ім пакаянне; калі ж не з’яўляюцца прэзбітэрамі, то няхай здзейсняць загад праз ішых святароў Ордэна, як ім перад Богам будзе здавацца больш мэтазгодным.

3 І будуць асцярожнымі, каб не злаваліся і не раздражняліся з-за граху іншага, бо гнеў і раздражненне ў сабе і ў іншых перашкаджаюць любові.

 

Раздзел VIII. Аб выбранні генеральнага міністра гэтага братэрства і аб капітуле Пяцідзесятніцы

1 Усе браты павінны заўсёды мець аднаго з братоў гэтага Ордэна генеральным міністрам і слугою ўсяго братэрства, і яму абавязаны строга падпарадкоўвацца.

2 Калі ён памірае, выбар наступніка павінен быць здзейснены правінцыяльнымі міністрамі і кусташамі на капітуле ў Пяцідзесятніцу, на які правінцыяльныя міністры павінны заўсёды разам збірацца там, дзе гэта было вызначана генеральным міністрам;

3 і так раз на тры гады або на іншы прамежак часу, большы ці меншы, згодна з тым, як узгаданым міністрам было ўстаноўлена.

 

4 І калі станецца калісці відавочным для ўсіх правінцыяльных міністраў і кусташаў, што ўзгаданы міністр нездатны для служэння і агульнага дабра братоў, то абавязаны будуць узгаданыя браты, якім дадзена права выбару, у імя Пана абраць сабе іншага на кусташа.

5 А пасля капітула ў Пяцідзесятніцу міністры і кусташы, калі захочуць і палічаць мэтазгодным, могуць кожны ў тым жа годзе аднойчы склікаць у сваіх кустодыях сваіх братоў на капітул.

 

Раздзел IX. Аб прапаведніках

1 Няхай браты не прапаведаюць у дыяцэзіі біскупа, калі ён ім забараніў гэта.

2 І ніводзін з братоў увогулле няхай не адважваецца прапаведваць людзям да той пары, пакуль не будзе паддадзены іспытам і зацверджаны генеральным міністрам гэтага братэрства, і той не даручыць яму служэнне прапаведвання.

3 Заклікаю таксама і намаўляю тых жа братоў, каб у прапаведванні, якое яны здзяйсняюць, ачышчаныя і чыстыя былі іх словы (пар. Пс 12 (11), 7; 18 (17), 31), дзеля карысці і збудавання народу,

4 каб абвяшчалі ім заганы і цноты, кару і хвалу кароткаю прамоваю, бо слова скарочанае здзейсніў Пан на зямлі (пар. Рым 9, 28).

 

Раздзел Х. Аб павучанні і папраўлянні братоў

1 Браты, якія з’яўляюцца міністрамі і слугамі іншых братоў, няхай наведваюць і заахвочваюць сваіх братоў, і з пакораю і любоўю няхай іх папраўляюць, не даючы ім распараджэнняў, якія былі б супраць іх сумлення і нашага Правіла.

2 Тыя ж браты, якія з’яўляюцца падпарадкаванымі, няхай памятаюць, што дзеля Бога яны адкінулі ўласную волю.

3 Дык настойліва загадваю ім, каб падпарадкоўваліся сваім міністрам ва ўсім, што абяцалі Пану захоўваць і што не супярэчыць сумленню і нашаму Правілу.

4 І калі дзе знойдуцца такія браты, якія будуць ведаць і разумець, што не могуць духоўна захоўваць Правіла, то яны павінны і могуць звярнуцца да сваіх міністраў.

5 Міністры ж няхай іх прымуць з любоўю і добразычлівасцю, і няхай адносна іх маюць такую прыхільнасць, каб тыя маглі размаўляць і паступаць з імі, як паны са сваімі слугамі;

6 бо так павінна быць, каб міністры былі слугамі ўсіх братоў.

7 Заклікаю ж і намаўляю ў Пану Езусе Хрысце, каб асцерагаліся браты ўсялякай пыхі, ганарыстасці, зайздрасці, прагнасці (пар. Лк 12, 15), клопату і турботаў гэтага свету (пар. Мф 13, 22), абгаворвання і наракання, і няхай не клапоцяцца непісьменныя, каб навучыцца грамаце;

8 але няхай зважаюць, што больш за ўсё павінны жадаць мець Духа Пана і Яго святое дзеянне ў сабе,

9 маліцца Яму заўсёды з чыстым сэрцам і мець пакору, цярплівасць у пераследванні і хваробе,

10 і любіць тых, хто нас пераследуе, і дакарае, і выкрывае, бо кажа Пан: «Любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе і крыўдзіць вас (пар. Мц 5, 44).

11 Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае (Мц 5, 10).

12 Але той, хто вытрывае аж да канца, будзе збаўлены (пар. Мц 10, 22)».

 

Раздзел XI. Аб тым, каб браты не наведваліся ў жаночыя манастыры

1 Настойліва загадваю ўсім братам, каб не мелі падазроных знаёмстваў ці нарадаў з жанчынамі,

2 і няхай не наведваюцца ў жаночыя манастыры, акрамя тых, якія ад Апостальскага Пасаду атрымалі спецыяльны дазвол;

3 і няхай не становяцца хроснымі бацькамі мужчын або жанчын, каб з-за гэтага паміж братамі або з-за братоў не паўставала спакуса.

 

Раздзел XII. Аб тых, хто ідзе да сарацынаў і іншых няверных

1 Тыя з братоў, хто па Божаму натхненню хацеў бы пайсці ў асяроддзе сарацынаў і іншых няверных, няхай просяць аб дазволе ў сваіх правінцыяльных міністраў.

2 Міністры ж няхай не ўдзяляюць дазволу пайсці нікому, як толькі тым, якіх яны палічаць адпаведнымі для місіі.

3 У дадатак, міністрам загадваю праз паслухмянасць, каб прасілі ад Уладыкі Папы аднаго з кардыналаў святога Рымскага Касцёла, які б з’яўляўся кіраўніком, абаронцам і настаўнікам гэтага братэрства,

4 каб мы заўсёды падданыя і прыпаўшыя да ног гэтага Святога Касцёла, цвёрдыя ў каталіцкай веры (пар. Кал 1, 23), захоўвалі тое, што строга абяцалі — беднасць і пакору, і святое Евангелле Пана нашага Езуса Хрыста.