У мінскай парафіі Святога Францішка Асізскага адбылася Першая Святая Камунія

Пад рубрыкай: НАВIНЫ КУСТОДЫI |

08Падчас урачыстай святой Імшы ў нядзелю добрага Пастыра, 12 мая 2019 года, пятнаццаць дзяцей з парафіі Святога Францішка Асізскага (Мінск, Уручча-1) упершыню прынялі Цела і Кроў Хрыста.

 

Святая Імша распачалася са святочнай працэсіі перад якой дзеці ўрачыста прасілі сваіх бацькоў аб благаслаўленні.

Гэтаму хвалюючаму дню папярэднічалі два гады катэхетычнай падрыхтоўкі, якую праводзіла Алена Казіміраўна Абухоўская. Заняткі па рэлігіі завяршыліся іспытам, які прымаў пробашч парафіі бр. Андрэй Жылевіч OFMCap. Не менш важнай падзеяй для першакамунійных дзяцей стала іх першая споведзь на пярэдадні свята.

 

01У гаміліі бр. Андрэй адзначыў, што сённяшні дзень – вялікая нагода, каб дзякаваць Богу за яго дабрыню і міласэрнасць. Як адзначыў пробашч, для нас назаўсёды застанецца таямніцай, чаму Бог выбраў менавіта такі спосаб – постаць хлеба – каб прыходзіць да чалавека. Але сёння ў нашай парафіі на пятнаццаць чалавек больш сустрэлася з Хрыстом такім спосабам, які сам Езус перадаў сваім Апосталам. “Павялічваецца наша эўхарыстычная супольнасць і разам з тым узрастаюць сцены нашай святыні – гэта яшчэ адна нагода, каб дзякаваць Богу”, — звярнуўся да прысутных бр. Андрэй.

 

16Варта адзначыць, што парафіяльны касцёл Святога Францішка Асізскага будуецца ў мікрараёне Новая Баравая (Уручча 1) на ахвяраванні дабрачынцаў і парафіян.

 

Напрыканцы святой Імшы Марына Саўчук ад імя бацькоў шчыра падзяквала ўсім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі і цэлебрацыі сённяшняга свята – катэхетцы Алене Казіміраўне, пробашчу парафіі і братам капуцынам, якія апякуюцца духоўным жыццём парафіі, парафіяльнаму хору і арганістцы спадарыні Вераніцы Раманенкавай.

 

Шчырасць, цеплыня і замілаванне стваралі атмасферу парафіяльнага свята, напаўнялі радасцю прастору яшчэ недабудаванай святыні і выціскалі сцюжу і сырасць назапашаныя за зіму. “Цяпер першакамунійных дзяцей чакае белы тыдзень, на працягу якога яны будуць прыходзіць на святую Імшу ў сваіх прыгожых белых вопратках. Прыходзе з бацькамі, роднымі, блізкімі і проста знаёмымі.

 

Такім спосабам падзяліцеся Хрыстом з іншымі,” – гэтымі словамі бр. Андрэй запрасіў да святкавання белага тыдня.

 

Паводле інтэрнет-партала catholicnews.by

Ад 13.05.2019. Пад рубрыкай НАВIНЫ КУСТОДЫI. Вы можаце сачыць за адказамі да гэтай запісы праз RSS 2.0. Адказы і заўвагі ў цяперашні час закрыты.