Пад Слонімам з удзелам біскупа Гродзенскага і настаяцеля беларускіх капуцынаў ушанавалі памяць ахвяраў вайны

Пад рубрыкай: НАВIНЫ КУСТОДЫI |

114 снежня ў парафіі Маці Божай Каралевы Супакою ў Альбярціне (Слонімскі дэканат) ушанавалі памяць ахвяраў Другой сусветнай вайны.

 

Як паведаміў партал Grodnensis.by, супольная малітва сабрала ў святыні шматлікіх вернікаў з наваколля і здалёк. Удзел у ёй узялі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і брат Алег Шэнда OFMCap, кусташ Беларускай кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў.

 

На пачатку брат Юрый Катовіч OFMCap, душпастыр альбярцінскіх вернікаў, распавёў сабраным пра тое, як 77 гадоў таму падчас адной з масавых расправаў у ноч з 18 на 19 снежня 1942 г. на месцы пад назвай Петралевіцкая гара пад Слонімам былі знішчаны сотні людзей.

 

2Сярод забітых нацыстамі былі дзве законніцы — сястра Марта Валоўская, актыўная і энергічная настаяцельніца, і сястра Ева Наішэўская, ціхая і засяроджаная лекарка і настаўніца.

 

Гэтыя законніцы, жыццё якіх было цесна звязанае, хоць кожная ішла сваім шляхам да Бога і святасці, належалі да Кангрэгацыі сясцёр Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

 

Сёстры прыехалі ў Слонім незадоўга да пачатку Другой сусветнай вайны. Абедзве вылучаліся душэўным супакоем і сілай духу. Разам прайшлі крыжовым шляхам дзвюх акупацый: савецкай і нямецкай. перажылі прыніжэнне, беднасць і голад, пазбаўленне даху над галавой і нават свабоды.

 

3Сціплыя і заўсёды гатовыя дапамагчы, яны падтрымлівалі патрабуючых, галадаючых, сем’і вязняў і забітых. На тэрыторыі кляштара яны хавалі габрэяў, патаемна дапамагалі людзям, якія ўцяклі ў лясы каля Слоніма. У цёмныя ночы ці ў непагадзь тыя прыходзілі ў кляштар, каб атрымаць ад сясцёр якую-небудзь ежу, а таксама бінты, лекі, медыцынскую дапамогу.

 

20 гадоў таму, 13 чэрвеня 1999 г. папа Ян Павел ІІ за непахіснасць у веры і мужнасць далучыў забітых нацыстамі сясцёр Марту Валоўскую і Еву Наішэўскую да ліку благаслаўлёных разам з іншымі 108-ю мучанікамі Другой сусветнай вайны.

 

Падчас набажэнства ў Альбярціне біскуп Аляксандр Кашкевіч благаславіў абразы сясцёр, якія з гэтага часу будуць змешчаны ў святыні.

 

4У прамоўленым падчас святой Імшы Божым слове пастыр Гродзенскай дыяцэзіі падкрэсліў, што мясцовы Касцёл можа ганарыцца такімі нябеснымі заступніцамі, чыя мучаніцкая кроў асвяціла нашу зямлю.

 

Іерарх дадаў, што іх прыклад заахвочвае сучасных людзей быць адважнымі ў вызнаванні сваёй веры.

 

Падчас працэсіі з дарамі да алтара былі прынесены рэліквіі благаслаўлёных сясцёр, якія былі змешчаны каля іх абразоў.

 

5Пасля Імшы сабраныя скіраваліся на Петралевіцкую гару — адну з Галгоф ХХ стагоддзя, дзе адбыліся тыя трагічныя падзеі. На месцы мучаніцкай смерці соцень нявінна закатаваных нацыстамі людзей удзельнікі набажэнства памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Паводле інтэрнет-партала catholic.by

Ад 17.12.2019. Пад рубрыкай НАВIНЫ КУСТОДЫI. Вы можаце сачыць за адказамі да гэтай запісы праз RSS 2.0. Адказы і заўвагі ў цяперашні час закрыты.