Докшыцкія капуцыны вяртаюцца да здароўя. Іх сабраты моляцца за медыкаў

Пад рубрыкай: НАВIНЫ КУСТОДЫI |

2020-04-14-40bfeЯк паведаміў 14 красавіка Catholic.by кусташ Беларускай кустодыі ордэна Братоў Меншых Капуцынаў брат Алег Шэнда OFMCap, на гэтым тыдні са шпіталя выйдзе адзін з докшыцкіх братоў, які адчувае сябе значна лепш.

Яшчэ адзін брат і сястра, якія нясуць служэнне пры парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Докшыцах (Віцебская дыяцэзія), былі выпісаныя ўжо перад Вялікаднем, 10 красавіка. Ва ўсіх іх быў аднолькавы дыягназ — пнеўманія. Каранавірусная інфекцыя афіцыйна не пацвердзілася.

 

Брат Алег Шэнда OFMCap зазначыў, што браты і сястра, якія захварэлі ў Докшыцах, кантактавалі з людзьмі, якія да гэтага наведвалі абласны шпіталь у Віцебску.

 

Кусташ падкрэсліў, што браты перад гэтым не былі ў краінах, дзе раней распачалася эпідэмія COVID-19.2018-02-16-kapucyny35

 

На сённяшні дзень немагчыма дакладна высветліць, адкуль трапіла інфекцыя ў райцэнтр і якімі шляхамі распаўсюджвалася. З захварэўшых падобным чынам (а іх усяго каля сотні) толькі пятая частка больш-менш рэгулярна наведвала касцёл.

 

«Мы вельмі ўдзячныя лекарам, якія дапамаглі і дапамагаюць нашым братам і іншым людзям вярнуцца да здароўя. Ім цяпер даводзіцца нялёгка, таму мы асаблівым чынам падтрымліваем медыкаў нашaю малітваю і запрашаем далучыцца да яе ўсіх вернікаў»,
— сказаў брат Алег Шэнда OFMCap.

 

Па ініцыятыве братоў капуцынаў на працягу Актавы Пасхі а 19-й гадзіне па буднях, а ў нядзелю а 10-й гадзіне ў касцёле святога Францішка Асізскага ў Мінску цэлебруюцца святыя Імшы за супрацоўнікаў службы аховы здароўя якія, падвяргаючы сябе небяспецы, змагаюцца за жыццё кожнага хворага на каранавірус і на іншыя заразныя хваробы.

 

Удзельнічаць у малітве можна з дапамогаю анлайн-трансляцыі святой Імшы на канале YouTube парафіі святога Францішка Асізскага ў Мінску.

 

У вернікаў ёсць таксама магчымасць далучыцца да гэтай малітвы за медыкаў, даслаўшы сваю інтэнцыю ці просьбу ў Viber на парафіяльны нумар +375 29 316 91 69

 

«Калі хтосьці мае знаёмых дактароў, медыцынскіх сясцёр і іншых супрацоўнікаў службы аховы здароўя, пішыце, калі ласка, іх імёны, прозвішчы.

 

За ўсіх будзем маліцца разам. Ім цяпер вельмі неабходна наша падтрымка. Беражыце сябе і сваіх родных!» — заклікае брат Алег Шэнда OFMCap.

 

Паводле інтэрнет-партала catholic.by

Ад 14.04.2020. Пад рубрыкай НАВIНЫ КУСТОДЫI. Вы можаце сачыць за адказамі да гэтай запісы праз RSS 2.0. Адказы і заўвагі ў цяперашні час закрыты.