Сакрамэнт канфірмацыі ў Маладзечне

Пад рубрыкай: НАВIНЫ КУСТОДЫI |

4 16кастрычнiка Генеральны вікарый Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзii бiскуп Юрый Касабуцкі наведаў парафію святога Казіміра ў Маладзечне і ўдзяліў сакрамэнт канфімацыі вялікай групе вернікаў рознага ўзросту — усяго каля пяцідзесяці асобам.

 

Значнай падзеі парафіяльнага жыцця прысвечаны спецыяльны матэрыял на сайце супольнасці Pio.by.

 

Гэтая маладзечанская «пяцідзесятніца», адзначаная шчодрым дарам Святога Духа для вернікаў «Горада сонца», адбылася ва ўрачыстасць святога Францiшка Асізскага — апекуна i заснавальніка вялікай францішканскай сям’і. Да яе належаць таксама меншыя браты капуцыны, якія нясуць душпастырскае служэнне ў парафіі святога Казіміра.

 

На пачатку святой Імшы пробашч парафіі брат Ігар Колзун OFMCap прадставіў біскупу кандыдатаў да сакрамэнту канфірмацыі. У прыгожых чырвоных плашчах, якія сімвалізуюць Святога Духа, што ў дзень Пяцідзесятніцы сышоў на Апосталаў і Найсвяцейшую Панну Марыю ў выглядзе языкоў полымя, яны выглядалі як сапраўдныя рыцары Хрыста.

 

З увагай яны слухалі Божае слова, якое скіраваў да іх і ўсіх прысутных біскуп Юрый Касабуцкі, засяродзіўшыся ў ім на вобразе вiнаграднiка з нядзельнай літургіі слова (гл. Мц 21, 33–43).

 

«У Святым Пісанні вінаграднік — гэта сiмвал Божага народа. Гэты вінаграднік пасадзіў і даглядае сам Бог. Такiм вiнаграднiкам з’яўляецца Касцёл на ўсёй зямлi; перадусім Касцёл як супольнасць вернiкаў. Але вобраз вiнаграднiка датычыцца i кожнага з нас. Бог змясціў мяне і цябе ў сваім вінаградніку, уклаўшы часцінку сваёй боскай хвалы і прыгажосці, каб мы маглі радавацца і памнажаць гэтую хвалу і прагажосць, прыносіць добрыя плады, супрацоўнічаючы з Ягоным дарам.

 

Праз сакрамэнт хросту ў душы засяваецца першае зерне веры. А ў гэты дзень, калi перажываем сакрамэнт канфірмацыi, умацавання дарамі Духа Святога, Бог дакранаецца да кожнага з нас, даючы магчымасць паглыбiць нашую з Ім сувязь, умацаваць яе. Для гэтага шмат не трэба: дастаткова жадання, уласнай волі адкрыць сваё сэрца, даверыцца Яму i дазволiць дзейнiчаць», — падкрэсліў іерарх.

 

Падчас святой Імшы кандыдаты да сакрамэнту канфірмацыі разам з усімі прысутнымі вызналі сваю веру, адракліся ад граху і прасілі, каб Дух Святы ўмацаваў іх у мужным сведчанні веры і яе праўдаў у сучасным свеце.

 

На заканчэнне Эўхарыстыі канфірмаваныя скіравалі словы падзякі за ўдзелены сакрамэнт біскупу Юрыю, а таксама святарам i сёстрам, якія служаць у парафіі, за падрыхтоўку, малітоўную падтрымку і сакрамэнт споведзі.

 

Святы Дух, дары якога яны прынялі ў гэты дзень, з’яўляецца Духам адзінства, які яднае ўсіх вызнаўцаў Хрыста ў супольнасці святога Касцёла. Выразам адзінства Касцёла як Божага вінаградніка на гэтай маладзечанскай «пяцідзесятніцы» стала прысутнасць святароў Маладзечанскага дэканату на чале з яго дэканам ксяндзом прэлатам Эдмундам Даўгіловічам-Навіцкім.

 

Паводле матэрыялаў інтэрнет-партала catholic.by

Ад 07.10.2020. Пад рубрыкай НАВIНЫ КУСТОДЫI. Вы можаце сачыць за адказамі да гэтай запісы праз RSS 2.0. Адказы і заўвагі ў цяперашні час закрыты.