СВЯТА ЎРАДЖАЮ АДЗНАЧЫЛІ Ў БЯРОЗАЎЦЫ, ШТО НА ДОКШЫЧЧЫНЕ

Пад рубрыкай: НАВIНЫ КУСТОДЫI |

berezowka_7d9af8fa9bad79d97292d10d8cd912b8Свята ўраджаю адзначылі ў Бярозаўцы, што на Докшыччыне.

Урачыстасць адбылася 30 жніўня. У Бярозаўку біскуп прыехаў адразу пасля ўрачыстасцяў у Мосары. Пасля прывітальных словаў распачалася ўрычыстая Імша. Прысутныя ледзь змясціліся ў невялікім касцёле, які быў перабудаваны з былой калгаснай канторы. Але нягледзячы на цеснату, у храме панавала вельмі прыязная атмасфера, што і адзначыў кіраўнік Віцебскай дыяцэзіі.

 

ФОТАРЭПАРТАЖ

ФОТА

Як адзначыў айцец Марэк Пасют на пачатку ўрачыстасці: “Чалавек павінен быць удзячны Богу, які нам дае жыццё і тое, што патрэбна для жыцця.” А таму, каб святкаванне было ждастойным, – сказаў далей святар, – мы і запрасілі да нас свайго біскупа, каб ён памаліўся за кожную вёску ў Беларусі, каб яны не знікалі. Варта адзначыць, што сам айцец Марэк робіць вельмі шмат, каб Бярозаўка не знікла. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова паглядзець на прыкасцёльную тэрыторыю. Зараз тут вельмі прыгожа: цвітуць кветкі, на агародзе шмат гародніны, у садзе спеюць яблыкі, а калісьці ўсё гэта было заросшы пустазеллем.

 

Айцец Марэк падзякаваў сёстрам за тое, што яны змаглі так прыгожа ўкласці гародніну і садавіну каля алтара. Гэта ж адзначыў і біскуп, адзначыўшы, што Бог, акрамя ўсяго, ёсць яшчэ і прыгажосць. Варта сказаць, што плады зямлі былі выкладзены не толькі каля алтара, але і перад уваходам у касцёл, нават калонкі на вуліцы былі ўпрыгожаны вянкамі цыбулі. Сам жа алтар быў аздоблены вінаградам. Як заўважыў біскуп: “Я думаў, што гэта штучны вінгарад, але не, зараз бачу, што ў Бярозаўцы ўсё натуральнае.” Натуральнай была і радасць людзей з нагоды свята.

 

Падчас казання віцебскі ардынарый звярнуў увагу на асновы нашай веры. Ён падкрэсліў, што чалавек не з’яўляецца жывёлай, як некалі хацелі нас навучыць, але ў першую чаргу гэта істота, якая мае душу. Чалавек створаны Богам па Божаму падабенству, таму Бог і лічыць усіх нас сваімі дзецьмі. Вось таму д’ябал і спакушае чалавека, каб гэтым нашкодзіць Богу.

 

Закрануў біскуп і тэму сямейных адносінаў. Шмат хто з нас жэніцца або выходзіць замуж у надзеі на тое, што гэты чалавек зробіць нас шчаслівымі. Але гэта вялікая памылка, праходзіць некаторы час – і людзі разводзяцца. Бо шчаслівым чалавека можа зрабіць толькі Бог. Калі абое сужэнцаў будуць шукаць Бога, то і іх саюз будзе трывалым.

 

Выказаўся біскуп Алег і пра акультызм: веру людзей у розных шаптух, варажбітоў, экстрасэнсаў. У першую чаргу трэба шукаць дапамогі ў Бога, – падкрэсліў святар, – бо ніхто не хоча задумацца, адкуль у гэтых людзей іх сіла. А калі яна не ад Бога, то тады вядома ад каго.

 

Напрыканцы Імшы біскуп асвяціў плады новага ўраджаю і заклікаў мясцовае кіраўніцтва, якое прысутнічала на Літургіі, заўсёды запрашаць святароў, каталіцкіх або праваслаўных, на бласлаўленне перад пачаткам сяўбы або жніва. Кіраўнік мясцовай гаспадаркі ў адказ сказаў, што яны гэта робяць, і ў гэтым годзе атрымалі адзін з лепшых ураджаяў у раёне.

 

“Ну вось, Бог з нашай дапамогай памог вам, можа і вы ў якасці працэнтаў дапаможаце ў нечым касцёлу,” – пажартаваў біскуп пад апладысменты прысутных.

 

Далей айцец Марэк запрасіў усіх на далейшае святкаванне за касцёлам. Там адбыўся канцэрт, гасцей пачаставалі смачнай юшкай, салёнымі агуркамі, блінамі, дранікамі, булкамі, усяго і не пералічыш. Святкаванне працягвалася да позняга вечара.

 

Паводле  catholicnews.by

Ад 02.09.2014. Пад рубрыкай НАВIНЫ КУСТОДЫI. Вы можаце сачыць за адказамі да гэтай запісы праз RSS 2.0. Адказы і заўвагі ў цяперашні час закрыты.