Аднаўленне евангельскіх абяцанняў адбылося ў Францішканскім Ордэне Свецкіх у Мінску

Пад рубрыкай: НАВIНЫ КУСТОДЫI |

2014-11-18-franciszkanie-swАднаўленне евангельскіх абяцанняў ў Францішканскім Ордэне Свецкіх у Мінску

17 лістапада, калі літургія Каталіцкага Касцёла ўспамінае св. Альжбету Венгерскую, апякунку ІІІ Ордэна св. Францішка, мінскую супольнасць Францішканскага Ордэна Свецкіх (ІІІ Ордэна) наведала Нацыянальная настаяцельніца ордэна с. Марыя Эталь OFS з Гродна.

Сустрэча ў мінскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы пачалася індывідуальнымі размовамі с. Марыі Эталь з тэрцыярыямі, кожны з якіх меў свой шлях у Ордэне св. Францішка, асабісты духоўны вопыт і жыў харызматам у розных, часам вельмі складаных, абставінах. Падчас індывідуальных размоў іншыя мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і памаліцца ў цішыні.

Падчас святой Імшы а. Андрэй Букштан OFM Cap, пробашч парафіі Св. Францішка ў Мінску, прыгадаў удзельнікам жыццё святой Альжбеты Венгерскай і актуальнасць яе прыкладу для нашых часоў.

Пасля Імшы с. Марыя Эталь прадставіла сабраным гісторыю адраджэння дзейнасці Ордэна ў Беларусі ў апошнія дзесяцігоддзі, а таксама падзялілася ўласным досведам і наблізіла слухачоў да сутнасці і актуальнасці свецкага францішканскага харызмату ў сучасным грамадстве.

На заканчэнне сустрэчы адбыўся абрад аднаўлення евангельскіх абяцанняў. Дзевяць свецкіх францішканаў, якія ўжо раней далі гэтыя абяцанні на ўсё жыццё — жыць Евангеллем паводле Правіла Францішканскага Ордэна Свецкіх — урачыста аднавілі абяцанні. Таксама ў гэты дзень да супольнасці далучыліся пяць новых кандытатаў.

Сустрэчы мінскай супольнасці Францішканскага Ордэна Свецкіх адбываюцца ў першы чацвер месяца (магчымы аднаразовыя змены дня сустрэчы) у касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы ў Мінску. У 15.00 адбываецца святая Імша, якой папярэднічае адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, таксама ёсць магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Пасля Імшы праходзіць сустрэча-размова, прысвечаная духоўнасці святога Францішка.

Бр. Яраслаў Крыловіч OFM Cap                         (глядзі таксама на catholic.by)

ФОТАРЭПАРТАЖ

ФОТА

Ад 18.11.2014. Пад рубрыкай НАВIНЫ КУСТОДЫI. Вы можаце сачыць за адказамі да гэтай запісы праз RSS 2.0. Адказы і заўвагі ў цяперашні час закрыты.