У Год Кансэкраванага Жыцця: ПАКЛІКАНЫЯ СЛУЖЫЦЬ БОГУ І БЛІЖНІМ

Пад рубрыкай: НАВIНЫ КУСТОДЫI |

phoca_thumb_l_gudagai-noch-001У Год Кансэкраванага Жыцця: ПАКЛІКАНЫЯ СЛУЖЫЦЬ БОГУ І БЛІЖНІМ.

 

Яны прысвяцілі сябе Богу, каб быць бачным знакам прысутнасці Божай у свеце, каб пакорна служыць Яму і людзям.

 

Існуе меркаванне, што чалавек прыходзіць у кляштар з мэтай пакінуць свет, а не выратаваць яго. Францішканскі ордэн тлумачыць сэнс манаства як “новае” даручэнне несці ў свет хрысціянскія каштоўнасці, дзяліцца супакоем і дабром. Гэта значыць, уступіўшы ў манаскую супольнасць, чалавек нібы нанова нараджаецца і становіцца непасрэдным сведкам Хрыста на зямлі. Аднак варта адзначыць, што самі каталіцкія манахі, непасрэдна занятыя ў сацыяльнай сферы, гавораць пра тое, што ніякая, нават самая высакародная, дапамога тым, якія яе патрабуюць, не зможа прынесці пладоў, калі за ёй не стаіць жыццё ў супольнасці, умацаванае малітвай.

 

Каталіцкія манаскія супольнасці пачалі сваю актыўную дзейнасць і распаўсюджванне па тэрыторыі Беларусі з канца XIV стагоддзя. Манахі займаліся місіянерскай і пастырскай дзейнасцю, пракладвалі шлях для каталіцкай веры і былі праваднікамі новых формаў рэлігійнасці – пашыралі комплекс дадатковых набажэнстваў, стваралі санктуарыі, рэлігійныя брацтвы, спрыялі актывізацыі пілігрымак і працэсій, развівалі культ святых і Маці Божай, распаўсюджвалі практыку рэкалекцый і асабістай малітвы. Дзейнасць манахаў і манахінь адыгрывала значную ролю ў грамадскім жыцці краіны – выхаванне моладзі і дабрачыннасць, стварэнне навучальных устаноў, канвіктаў (інтэрнатаў), бурсаў, шпіталяў, аптэк, школьных тэатраў і музычных капэл, уласных друкарняў – гэта ўсё безупынная праца каталікага манаства.

 

phoca_thumb_l_2015-07-03-monahi-001Сучасныя манаскія супольнасці на Беларусі замацоўваюць і развіваюць традыцыі сваіх папярэднікаў ва ўмовах глабалізацыі грамадства. Сведчаннем чаму стала прадстаўленне кансэкраванымі асобамі іх асноўных духоўных нормаў жыцця, тэзісаў і накірункаў працы ў межах урачыстасцяў у Будславе 3 ліпеня 2015 г.

 

Прадстаўнікі кожнай манаскай супольнасці ў Беларусі сабраліся разам каля святочнага алтара бліз будслаўскага касцёла, каб паказаць вернікам шлях да Бога, якім яны ідуць, служачы бліжнім з вялікай радасцю і шчырай адданасцю. Дзейнасць манаскіх ордэнаў пабудавана на моцным фундаменце веры і праўды, што моўна замацавана ў простых кароткіх выразах, якія перадаюць галоўны сэнс і сутнасць духоўнасці ордэнаў, на аснове якіх будуецца іх жыццё і праца. Галоўныя тэзісы, або “дэвізы”, жыцця і дзейнасці ў сціслай форме былі выказаны прадстаўнікамі супольнасцяў: “Супакой і дабро”, “Жыць у паслухмянасці Езусу Хрысту і верна Яму служыць чыстым сэрцам і шчырым сумленнем”, “Усхваляць, благаслаўляць, прапаведаваць”, “Для Хрыста і Касцёла”, “Шчодрае ў Яго адкупленне”, “Усё для Хрыста і праз Хрыста” і інш. Айцец Міхаіл Цвячкоўскі MIC і сястра Назарыя Міклаш CSFN распавялі прысутным пра галоўныя праўды манаства і служэння Богу, а таксама заклікалі кожнага задумацца і паслухаць сваё сэрца: “Магчыма, цябе таксама кліча Бог?”

 

phoca_thumb_l_2015-07-03-monahi-010Святары, манахі і манахіні, акрамя свайго асабістага духоўнага ўзрастання і пакорнай адданасці Богу, на працягу доўгіх стагоддзяў займаюцца адраджэннем духоўнасці вернікаў, выхаваннем, рэлігійнай адукацыяй дзяцей і моладзі, культурна-асветніцкай дзейнасцю, што фактычна было пацверджана фотапрэзентацыяй, прадстаўленай падчас выступу кансэкраваных асобаў у Будславе.

 

Сукупнасць маральнага вопыту асобы ў сферы розных напрамкаў яе дзейнасці: у побыце і грамадскім існаванні, працы і адпачынку, навуцы і мастацтве, у сферы адносін чалавека са светам прыроды, з Богам і самім сабой – гэта ўсё з’яўляецца вызначальнікамі духоўнай культуры чалавека. Менавіта яна (духоўная культура) задае сэнсавае поле ўсёй культуры наогул, з’яўляючыся ядром цывілізацыі. У вузкім сэнсе гэта паняцце азначае від чалавечага вопыту, пабудаванага на духоўных ведах. Духоўная культура, хрысціянская духоўнасць не толькі пралівае святло на вытокі і развіццё хрысціянскай містыкі, яна праецыруе на нашу сучасную жыццёвую сітуацыю мастацка-хрысціянскія вучэнні мінулых стагоддзяў і дасягненні сучаснага грамадства ў галіне рэлігійнага мастацтва.

 

Формай матэрыяльнай рэалізацыі духоўнай культуры чалавека з’яўляецца яго рэлігійна-мастацкая дзейнасць, што выяўляецца як у літургічнай (кампазіцыі літургічнай музыкі, іканапіс, драўляная і каменная скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, элементы тэатралізацыі набажэнстваў і інш.), так і ў бытавой (рэлігійныя песні, тэатральныя пастаноўкі, чуванні перад абразамі, якія пілігрымуюць па дамах вернікаў, і інш.) практыках.

 

Музычнае мастацтва ў літургічнай практыцы Рыма-Каталіцкага Касцёла займае адно з галоўных месцаў. Першапачаткова рэлігійную музыку пісалі выключна прадстаўнікі манаства. Сучасная рэлігійна-музычная творчасць прадстаўлена шырокім колам аўтараў, кампазітараў, але вышэйшую прыступку ў галіне кампазіцыі рэлігійнай музыкі займаюць прадстаўнікі духавенства. Сведчаннем чаму стала прэм’ернае выкананне “Песні кансэкраваных асобаў”, створанай спецыяльна для дадзенай падзеі братам Андрэем Жылевічам OFMCap (тэкст) і В. Раманенкавай (музыка). Тэкст песні раскрывае асноўную ідэю і сэнс жыцця кансэкраваных асобаў:

 

1.  З дому паклікаў Ты мяне, Божа,
Каб знакам быць для роднай зямлі.
Сілу даеш і корміш нас Словам,
Каб моцную веру знайсці мы змаглі.

 

Прыпеў:  Мы быццам гліна ў руках Тваіх, Божа,
Духам і праўдай яднаеш нас.
Радасць Тваю нясём у сэрца кожна,
Каб Божай Любові агонь не пагас.

 

2.  Нам не патрэбны багацце і слава,
У цноце і ўбостве радасць знайшлі,
Волю сваю мы Табе давяраем,
Служачы бліжнім, жыццё аддалі.

 

3.  Мы паасобку – нічога не варты,
Дух Твой яднае ў супольнасці нас.
На ніве Тваёй мы працы прылады,
Божае Царства жыве сярод нас.

 

phoca_thumb_l_2015-07-03-monahi-009Яскрава, радасна, з вялікім, чыстым і адкрытым сэрцам манахіні і манахі выканалі спеў кансэкраваных асобаў. “Музычны гурт кансэкраваных” на высокім прафесійным узроўні прадэманстраваў свае творчыя здольнасці ў спеве і ігры на музычных інструментах: арган – сястра с. Марыя Емельянчык ОР, скрыпка – Сафія Голуб, гітара – сястра Марцэліна Мігач ISSM, айцец Сяргей Трысцень OCD, айцец Пётр Фраштэнга OCD. Простая меладычная лінія, актыўны рытмічны рух песні, радаснае і энергічнае выкананне ўзрушыла эмацыйны стан прысутных. Кансэкраваныя асобы, напоўненыя ласкай Божага Духа, мастацкімі сродкамі ўзбагацілі ўрачыстасць святкаванняў і звярнулі на сябе ўвагу вялікай колькасці вернікаў, каб яшчэ раз накіраваць іх позірк да Бога.

 

Беларускі нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе кожны год збірае каля свайго алтара тысячы хрысціян з Беларусі і з-за яе межаў. Гэта адзіная ў Беларусі такая маштабная падзея ў жыцці католікаў, якая дае магчымасць святарам, манахам і манахіням прадставіць сваю дзейнасць шырокаму колу вернікаў; падзея, якая дазваляе людзям бліжэй пазнаёміцца з духоўнымі асобамі і іх працай, больш пра іх даведацца, магчыма, паразмаўляць з імі – атрымаць адказы на жыццёва важныя пытанні.

 

У 2015 годзе на будслаўскіх урачыстасцях Ордэн Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль – кармэліты босыя (OCD) – усім жадаючым удзялялі дар ласкі Божай праз накладанне шкаплера. Шкаплер – гэта адзін з сакрамэнталіяў Касцёла, роля якога заключаецца ў асвячэнні розных жыццёвых акалічнасцяў чалавека, падрыхтоўка вернікаў да прыняцця асвячальнай ласкі. Кармэліцкі шкаплер з’яўляецца знакам апекі і заступніцтва Марыі.

 

Таварыства Каталіцкага Апостальства (палатыны) распаўсюджвалі свой часопіс “Апостал міласэрнасці”.

2015-07-21-palatkaiОрдэн Меншых Братоў Капуцынаў (OFM Cap) прапанаваў шырокі асартымент прадукцыі “Мануфактуры капуцынаў”: выданні літургічнай літаратуры (“Літургія гадзінаў”, “Пасхальны Трыдыум”, Мука Пана і інш.); вырабы майстэрні Sacris Vestibus па пашыве літургічнага адзення (арнаты, альбы, сутаны, стулы, літургічную бялізну і інш.); рэчы, зробленыя ўласнымі рукамі братоў капуцынаў (драўляныя крыжы). Ордэн капуцынаў славіцца па ўсім свеце імем манаха капуцына бл. Марка з Авіяна, які лічыцца аўтарам кавы капучына, таму ў Будславе капуцыны частавалі ўсіх жадаючых сваёй традыцыйнай кавай. Набыць кубак кавы са смачным салодкім дадаткам, вырабленым братамі капуцынамі, мог кожны жадаючы ўсяго толькі за ахвяру. Галоўнай рысай капуцынскай існасці з’яўляецца наследванне Хрыста беднага і ўбогага, на ўзор святога Францішка з Асізі, які раздаў багацце бедным і ахвяраваў сваё жыццё Богу і бліжнім. Так і капуцыны дзяліліся ў Будславе сваім шчырым сэрцам і любоўю да людзей, нічога не патрабуючы ўзамен.

 

Дзейнасць кансэкраваных асобаў у Беларусі разгалінаваная і шматвектарная, кранае ўсе галіны чалавечага жыцця і актыўна ўдзельнічае ў сацыяльна-культурным жыцці грамадства. Разам, у супольнасці, яны імкнуцца ўзбагачаць Касцёл у адпаведнасці са сваімі харызматамі.

Кансэкраваныя асобы сваім прысвячэннем сведчаць аб вышэйшым пакліканні ахрышчанага да святасці. Яны сведчаць аб тым, што хрост вядзе да жыцця ў Хрысце і што гэтае вечнае жыццё ўжо пачалося.

 

Вераніка Раманенкава

 

Паводле матэрыялаў інтэрнет-партала catholic.by

Ад 22.07.2015. Пад рубрыкай НАВIНЫ КУСТОДЫI. Вы можаце сачыць за адказамі да гэтай запісы праз RSS 2.0. Адказы і заўвагі ў цяперашні час закрыты.