Свята ўраджаю ў Бярозаўцы: «Богу заспявайма ўсе спеў падзякі, радасці спеў!»

Пад рубрыкай: НАВIНЫ КУСТОДЫI |

2015-09-07-biarozauka5 верасня ў вёсцы з прыгожай назвай Бярозаўка на Віцебшчыне адзначалі свята ўраджаю і пяцігоддзе кансэкрацыі святыні. У касцёл Маці Божай Міласэрнасці (Вастрабрамскай) завітаў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

 

На свята ў касцёл, дзе звыкла прыходзіць не больш за 20 асобаў, прыехалі вернікі з суседніх ваколіц, такіх як раённы горад Докшыцы, мястэчка Параф’янава ды інш.

 

Пяць гадоў мінула з той жнівеньскай пары, калі касцёл, хоць па памерах падобны да капліцы, ды па аздобе і сваім харастве — велічная святыня, быў асвечаны цяпер ужо біскупам на пенсіі Уладзіславам Бліном.

 

Святыня, якой апякуецца а. Марэк Пасюта OFMCap, стала кропкай аб’яднання жыхароў вёскі не толькі каля алтара на малітве, але і сумеснай працы на зямлі.

 

Сланечнікавыя плантацыі ўпрыгожваюць добраўпарадкаваную калакасцёльную тэрыторыю, дзе віюцца грады з агуркамі, ды завязваюцца качаны капусты.

 

Паказваючы ўсім надзею Уваскрасення

 

Святыня паўстала стараннямі многіх людзей, у памяць аб працы якіх і ў гэты ж дзень была асвечана спецыяльная табліца з надпісам:

 

«У памяць пра ўсіх, хто захоплены прыгажосцю створанага свету, ператварыў яе ў чалавечы ўчынак у гэтым будынку аж да часу, пакуль яго сцены не сталі асновай для Божай святыні ў годзе Пана 2010, паказваючы ўсім надзею Уваскрасення».

 

phoca_thumb_l_2015-09-05-psemjau-039Ва ўрачыстай Імшы святыня была перапоўнена людзьмі. Перад абразом Маці Божай Паяднання, дзе ўнізе напісаныя два крыжы: (усходняй і заходняй традыцыі), вернікі схіліліся ў малітве.

 

Каляровыя хусцінкі бабуляў, цёмныя пацеркі ружанцаў у пашчапаных ад зямлі руках, абгорнуты ў газету малітоўнік, расчынены на спеве «Богу заспяваймы ўсе», і накіраваныя да алтара вочы людзей…

 

phoca_thumb_l_2015-09-05-psemjau-001Апостальскі Нунцый заўважыў, што беларускі народ вельмі блізкі да прыроды, прыгадаў, што нездарма ў беларусаў такая паэзія, што так узнёсла і лірычна апявае хараство зямлі, хараство прыроды.

 

«Вы адчуваеце прыроду не як штосьці мёртвае, але як жывое, як тое, што было створана Богам!» — звярнуўся ён да вернікаў у гаміліі.

 

Вернікі ў такіх невялікіх парафіях — гэта людзі, якія ведаюць, што такое праца на зямлі, ведаюць яе цяжар, але і яе радасць, ведаюць, што такое цярпенне.

 

«Мець цярплівасць — азначае мець сваю мэту»

 

«Вашая цярплівасць — гэта цярплівасць Бога», — дадаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, а таксама патлумачыў, што значыць “мець цярплівасць”: «Мець цярплівасць — не азначае быць пасіўным чалавекам. Мець цярплівасць — азначае мець сваю мэту і да яе накіроўвацца, бачыць яе і быць спакойным на гэтай дарозе».

 

phoca_thumb_l_2015-09-05-psemjau-030Арцыбіскуп з вялікай пашанай гаварыў пра людскую працу на зямлі, падкрэсліваючы яе годнасць і прыгажосць: «Кожны раз, калі вы будзеце працаваць на зямлі, памятайце, што вы дакранаецеся да сэрца Бога. І Бог вас за гэта не забудзе, не забудзе вашыя сем’і, не забудзе вашыя праблемы, не забудзе пра тых, каго вы кахаеце і пра тое, што любіце».

 

«І таму кожны дзень Ён будзе даваць Вам свой подых, сваё дыханне, каб падкрэсліць, што такім чынам Ён жыве ў нас», — дадаў іерарх.

 

Таксама ў гаміліі арцыбіскуп яшчэ раз падкрэсліў значэнне і месца святыні ў сэрцы народа: «Памятайце, гэта месца, дзе Бог да вас усміхаецца, дзе Ён глядзіць на Вас і кажа: “Я Цябе люблю”. Зразумейце, наколькі гэта было важным пабудаваць штосьці такое, каб даць магчымасць мець месца, з якога Бог будзе даваць вам свой позірк і сваю ўсмешку».

 

Пасля Эўхарыстыі былі асвечана дошка падзякі ўсім, хто працаваў на гэтай пляцоўцы і над касцёлам, а таксама фігура св. Юзафа, якая месціцца над дошкай знадворку святыні.

 

phoca_thumb_l_2015-09-05-psemjau-059Мясцовымі дзеячамі Дома культуры была зладжана свята для ўсіх прысутных гасцей: і пра гісторыю Бярозаўкі распавялі, і жартамі насмяшылі, і тугу прыгожай песняй навялі.

 

І каб было не так галодна і халодна ў восеньскі падвячорак, то госці падыходзілі ды частаваліся сапраўднай ухой, ды іншымі прысмакамі, напрыклад, шмальцам з хлебам…

 

Хто такое даўно не спрабаваў, той, можа, шмат у жыцці пагубляў!

 

Калі бываеш на такіх вясковых фэстах, адразу нібыта адразу чуеш голас бабулі, якая распавядае пра сваё дзяцінства і маладосць, як на роварах хлопцы-дзяўчаты калясілі з адной вёскі ў другую, ды фэсты аб’язджалі. «Весела, унучка, так было! Ой мы лёталі!» — паўтарае бабуля. А я зараз прыгадваю яе словы ды думаю: «Вось яно, сугучча з мінулым, з гісторыяй і з нашай душой беларускай: і ўчора, сёння, і, дай Бог, заўтра!»

 

Аксана Ючкавіч

 

Паводле catholic.by 

 

Ад 08.09.2015. Пад рубрыкай НАВIНЫ КУСТОДЫI. Вы можаце сачыць за адказамі да гэтай запісы праз RSS 2.0. Адказы і заўвагі ў цяперашні час закрыты.