Адышла да вечнасці вялікая дабрачынца Братоў Капуцынаў Паўліна Правадзелава з Мінска. На працягу многіх гадоў яна ахвярна дапамагала капуцынам у Мінску. У доме дабрадзейкі пражывалі нашы браты, якія здзяйснялі пастырскую апеку ў мінскай парафіі. Многія з братоў ведалі спачылую асабіста і мелі досвед яе адданасці справе служэння Богу і Касцёлу.
24 верасня 2015 г. у капліцы св. Міхала Арханёла пры Душпастырскім цэнтры ККББ у Мінску адбылася Пахавальная Літургія Паўліны Правадзелавай, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Для ўдзелу ў літургіі прыехалі з розных куткоў Беларусі браты капуцыны.
Таксама на развітанне з Паўлінай прыбылі ў вялікай колькасці Сестры Дамініканкі, да якіх у кляштар на вул. Нежданавай яна праз доўгія годы прыходзіла для ўдзелу ў св. Імшы. Былі родныя, блізкія і прадстаўнікі Францішканскага Ордэна Свецкіх, да якога с. Паўліна прыналежала.
Казанне прамовіў а. Дзмітрый Занямонскі ОМІ, пробашч парафіі святых Апосталаў Пятра і Паўла і святога Яўгена дэ Мазэно, да якой спачылая належала. У сваім слове а. Дзмітрый звярнуў увагу на тое, што парафіяне паміж сабой называлі яе «наша Паўлінка», што само па сабе сведчыць аб яе хрысціянскім жыцці і месцы ў парафіі. Нягледзячы на шматлікія хваробы Паўлінка прыходзіла на нядзельную св. Імшу ў капліцы на вул. Няжданавай заўсёды, нават зімой у галалёд, што сведчыць аб месцы Пана Бога ў яе жыцці. Напрыканцы казання а. Дзмітрый выказаў сваё перакананне, што спачылая адышла з гэтага жыцця на неба і там заступаецца за нас.
У канцы св. Імшы з кароткім словам падзякі Паўліне звярнуўся да сабраных вернікаў а. Алег Шэнда, Кусташ Беларускай Кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў. Прыводзім тэкст гэтай прамовы:
Паважаная Паўлінка! Глыбокапаважаны Уладыка Юрый! Пробашч Айцец Дзміцер! Усе святары, Сёстры, дачка, унукі, блізкія, знаёмыя, суседзі!
Дазвольце і мне падзяліцца кароткімі думкамі. Дзякую ўсім Вам за магчымасць сёння сустрэцца ў гэтым месцы. Смерць — заўсёды смутная нагода. Яна заўсёды прыходзіць неспадзявана і заўсёды прыходзіць не ў пару. І, напэўна, калі нам даводзіцца развітвацца з чалавекам блізкім, то таксама варта задумацца над тым (і мы гэта адчуваем адразу, і менавіта ад гэтага такая боль), што ў нашым жыцці гэтага чалавека будзе не хапаць — ягонай дабрыні, лагоднасці і шмат іншых рэчаў.
Думаю, што нават і найбліжэйшыя людзі не ведаюць колькі «горкіх зёлаў» было ў «чашы жыцця» дарагой і любай для нас Паўлінкі. Але, думаю, тое, што мы тут сабраліся разам, сведчыць пра тое, што мы ведаем, колькі дабрыні і цеплыні, салодкіх рэчаў мы атрымалі ад гэтага чалавека. І яе вернасць, яе цярплівасць, яе змаганне, яе мацярынскае сэрца, якое было сэрцам шмат для каго, не толькі для найбліжэйшых, не толькі для тых, хто быў непасрэдна той самай крыві… Яна была маці для ўсіх. Такое я меў адчуванне і сёння я адчуваю тое, што мы развітваемся з мамай. Таму думаю, што ў першую чаргу ад імя Братоў Капуцынаў, кожны можа далучыцца да простых слоў: «Дзякую, мама Паўліна».
Пасля заканчэння стацыі ў касцёле, удзельнікі Пахавальнай Літургіі скіраваліся на могілкі, дзе адбылося заканчэнне абраду пахавання і супольная малітва часткі ружанца ў інтынцыі памерлай тэрцыяркі.
Вечны адпачынак дай ёй Пане — а святло вечнае няхай ёй свеціць. Амэн.
Бр. Яраслаў Крыловіч
Фота з пахавання: Бр. Андрэй Жылевіч