
14 лістапада ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску прайшоў дзень духоўных разважанняў, які правёў а. Алег Шэнда OFMCap. А асаблівым чынам гэты дзень духоўных разважанняў быў прымеркаваны да таго, што семінарыст трэцяга курса Януш Чарнамораў рыхтаваўся атрымаць духоўны строй – сутану.
Айцец Алег засяродзіў асаблівую ўвагу алюмнаў на знаках, якія знешне выражаюць нашую тоеснаць, тое, кім мы з’яўляемся на самой справе. Калі хрысціяне не сведчаць аб Хрысце словамі, учынкамі, жыццём, то ці сапраўдныя гэта хрысціяне? Так і сутана з’яўляецца знакам прыналежнасці да Хрыста, знакам аддання сябе гэтаму служэнню.
Таксама рэкалекцыяніст заўважыў, што любыя знешнія знакі будуць фальшывымі, калі будуць адрознымі ад таго, што ёсць унутры, у сэрцы. Каб дзяліцца жывой верай і сведчыць аб жывым, уваскрослым Хрысце, трэба мець жывое і чыстае сэрца. І тут няма месца падману і крывадушнасці. “Трэба заглянуць глыбей у сябе, каб убачыць сябе у праўдзе,” – адзначыў а. Алег.
На заканчэнне гэта дня, дэкан семінарыстаў падзякаваў рэкалекцыяністу ад імя ўсёй супольнасці за тое, што ў простых, жывых і шчырых словах ён прамаўляў да сэрцаў і ўласным сведчаннем веры яшчэ больш падтрымаў і накіраваў семінарыстаў на шляху наследавання Хрыста ў праўдзе і аўтэнтычнасці.
Па матэрыялах сайта seminaryja.by
