
26 лістапада супрацоўнікі “Карытас” на чале з дырэктарам братам Андрэям Жылевічам наведалі «Дом-інтэрнат для пенсіянераў і інвалідаў» і інтэрнат дзённага знаходжання «Востраў надзеі». Мэтай наведвання гэтых двух інтэрнатаў было знаёмства з працай падобнага тыпу устаноў, а таксама аказанне гуманітарнай дапамогі.
«Дом-інтэрнат для пенсіянераў і інвалідаў», які знаходзіцца ў Мінску, з’яўляецца медыка-сацыяльнай установай, прызначанай для пастаяннага і часовага пражывання састарэлых і інвалідаў, якія маюць патрэбу ў дапамозе, бытавым і медыцынскім абслугоўванні. Усяго ў доме-інтэрнаце можа знаходзіцца 405 чалавек. Дырэктар дома-інтэрната правяла невялікую экскурсію, паралельна яна распавяла пра структуру працы дадзенай установы, а таксама пра тое, у чым інтэрнат мае патрэбу.

«Дому-інтэрнату для пенсіянераў і інвалідаў» Карытас аказаў гуманітарную дапамогу ў выглядзе адзення, якое будзе размеркавана паміж падапечнымі інтэрната. Дырэктар дома-інтэрната адзначыла, што Карытас дапамагае не толькі іх установе — прадстаўленая гуманітарная дапамога зніжае нагрузку на бюджэт г. Мінска, гэта значыць, што Карытас дапамагае і дзяржаве.
Інтэрнат дзённага знаходжання «Востраў надзеі» – недзяржаўная ўстанова, якая функцыянуе за кошт спонсараў і валанцёрскай працы.
У інтэрнаце з 7.30 да 17.00 знаходзяцца дзеці-інваліды і маладыя інваліды, што дае магчымасць іх бацькам хадзіць на працу, таму што пенсіі па інваліднасці на жыццё не хапае. З дзецьмі займаюцца, кормяць, а таксама гуляюць. У інтэрнаце есць сэнсарны пакой, створаны сваімі сіламі, трэнажорная зала, у якой вельмі любяць займацца дзеці, шмат пакояў для гульняў і адпачынку. Кожны дзень з дзецьмі праводзяцца творчыя заняткі – маладыя інваліды пад кіраўніцтвам работнікаў «Вострава надзеі» вырабляюць працы з бісеру, гліны, паперы і г. д. Таксама ў інтэрнат прыходзяць маладыя валанцёры, якія спяваюць з дзецьмі песні і гуляюць.
Калі супрацоўнікі «Карытас» прыйшлі ў інтэрнат, дзеці адразу пазналі сваіх сяброў: з гасцямі прыйшлі тыя самыя валанцёры, што з імі займаюцца. Дзеці іх памятаюць і вельмі любяць.
Дырэктар інтэрната – добрая і клапатлівая жанчына, якая як ніхто ведае аб праблемах маладых інвалідаў і іх бацькоў – яна сама выгадавала дзіця-інваліда. Нас правялі па ўсіх пакоях інтэрната, пазнаёмілі з дзецьмі і супрацоўнікамі. Усе сцены ў інтэрнаце ўпрыгожаны вырабамі дзяцей. Самыя вялікія сцены размалявалі валанцёры. Дырэктар расказала адну вельмі цікавую гісторыю:
не так даўно валанцеры намалявалі на сцяне вялікага анёла. Малюнак знаходзіцца па дарозе ў сталовую. У інтэрнаце ёсць некалькі хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ведаюць малітву «Ойча Наш». І вось гэтыя дзеці спыняюцца і моляцца перад малюнкам анёла. А астатнія дзеці разумеюць, што адбываецца нешта важнае, і паводзяць сябе вельмі ціха.
У інтэрнат дзённага знаходжання «Востраў надзеі» супрацоўнікі «Карытас» прывезлі розныя канцылярскія прылады: альбомы для малявання, алоўкі, ручкі, фламастары, клей, нажніцы, кардон, каляровую паперу і г. д.
Усе гэтыя рэчы неабходныя для працы з дзецьмі.
Гэты дзень быў насычаным, цікавым і вельмі плённым. Так, Карытас трохі дапамог двум інтэрнатам. Але так шмат усяго яшчэ трэба зрабіць…
Паводле www.caritas-minsk.by
