
Айцец Вітальд Жэльветра OFMCap правёў рэкалекцыі ў мар’інагорскай парафііЗ 26 лютага па 1 сакавіка ў парафіі Св. Антонія (г.Мар’іна Горка) адбыліся традыцыйныя велікапосныя рэкалекцыі. Сёлета іх правёў айцец Вітальд Жэльветра OFMCap з Ліпнішак. Тэмай рэкалекцый сталі пытанні, якія неаднойчы задае сабе кожны чалавек: хто такі Бог і дзе Ён; хто такія Анёлы і кім з’яўляецца д’ябал; узаемаадносіны паміж мужчынамі і жанчынамі; як захаваць добрую сям’ю; як выхоўваць у веры сваіх дзяцей і многія іншыя.
Парафіяне, якія штодзень прысутнічалі на рэкалекцыях, змаглі не толькі паглыбіць свае веды, але і знайсці адказы на хвалюючыя пытанні, умацаваць сваю веру, паглядзець на сябе з Божага пункту гледжання.
Вернікі мар’інагорскай парафіі называюць айца Вітальда Жэльветра OFMCap сапраўдным узорам святара, які шмат гадоў нясе людзям Божае слова, што цудоўным чынам лечыць душы і целы.
Парафіяне былі вельмі ўражаны моцай харызмы, сілай пераканаўчага Божага слова і глыбокай верай, якімі рэкалекцыяніст падзяліўся са слухачамі.
Ала Кучынская
(паводле матэрыялаў catholic.by)
