Працоўны візіт вышэйшага настаяцеля Ордэна Братоў Капуцынаў у Беларусі ў Бары (Італія)
4 — 7 траўня вышэйшы настаяцель Ордэна Братоў Капуцынаў у Беларусі брат Алег Шэнда OFM Cap, здзейсніў працоўны візіт у Бары (Італія), дзе ад 2014 года на тэалагічным факультэце беларускія капуцыны адбываюць падрыхтоўку да святарскіх пасвячэнняў.
Кіраўнік Беларускай кустодыі прыняў удзел у паседжанні правінцыйных міністраў капуцынскага ордэна паўднёвай Італіі на тэму адукацыйна-фармацыйнага супрацоўніцтва, а таксама асабіста сустрэўся з паасобнымі міністрамі, студэнтамі, выхаваўцамі і кіраўніком тэлагічнага факультэту ў Бары.
Кульмінацыяй гэтага візіту была св. Імша 6 траўня, якую ўзначаліў бр. Алег Шэнда, пад час якой 12 студэнтаў-капуцынаў прыняло паслугі лектарату і акалітату. Сярод іх браты Ігар Колзун і Максім Варанюк, якія прыналежаць Беларускай Кустодыі.
Спатканне братоў адказных за фармацыю ў пяці Паўднёвых правінцыях Італіі і Беларускай Кустодыі
З 4-га па 7-га мая мы гасцілі ў Бары братоў нашай Кустодыі, бр. Алега Шэнду і бр. Сяргея Мацюшонка, якія ўдзельнічалі ў з’ездзе адказных за часовую фармацыю ў пяці Паўднёвых правінцыях Італіі.
Фарматары і правінцыялы разам з нашымі прадстаўнікамі абмяркоўвалі сэнс і галоўныя прынцыпы фармацыі гэтых рэгіёнаў, ўдзельнікамі якога мы з’яўляемся ад 2014 году. Каб лепей ацаніць бягучы стан фармацыі, было зарганізаванае спатканне з братамі якія вывучаюць тэалогію ў Тэалагічным Факультэце Бары. У ходзе размоў браты-студэнты папрасілі аб дадаткавых курсах з кіраўніцтва духовага, спавядніцтва, гамілетыкі і літургіі. Аргументавалі гэта прагненнем больш практычнага прыгатавання да святарства. Таксама была размова аб больш сэнсоўным планаванні паслугаў на лета, каб пазбягаць празмернага быцця братоў па за супольнасцю ўласнай правінцыі.
У вольным часе мы, беларусы, мелі магчымасць спаткацца і паразмаўляць пра нашае жыццё ў Кустодыі і ў Бары, пра цяжкасці і праблемы тут і там, падзяліцца новымі душпастырскімі думкамі і ўвогуле ўражаннямі гэтага году. Таксама прадставілі свае прапановы на сёлета.
У пятніцу, 6 мая, Максім і Ігар разам з братамі са свайго курсу прынялі паслугу акалітату. Удзяленне паслугі адбылося падчас вячэрняй святой Імшы ў Базыліцы св. Фары, якую ўзначаліў наш Кусташ, Алег Шэнда. Казанне, якое тлумачыў Сяргей Мацюшонак, было прысвечанае вялікай ролі кожнай паслугі ў жыццы Касцёла. Казнадзей таксама прыпомніў аб небяспецы выкарыстання паслугаў вылучна для ўласнай прыемнасці і задавалення.
Сустрэча прысвечаная фармацыі закончылася 7 мая ўрачыстым абедам. Пасля чаго кожны адправіўся да сваёй супольнасці.
З’езд фарматараў і братоў адказных за фармацыю на тры дні ажывіў нашую супольнасць Бары. Кожны меў магчымасць даведацца нешта новае аб жыцці і праблемах сваёй правінцыі ці, у нашым выпадку, Кустодыі. Гэта аднавіла пачуццё уласнай прыналежнасці да канкрэтнага рэгіёну і традыцыі. Бо так на штодзень наш кляштар ў Бары з’яўляецца інтэрнацыянальным. Тут прысутныя не толькі італьянцы і мы, але двух палякаў і адзін албанец. Акрамя таго італьянскія правінцыі паміж сабой маюць розныя традыцыі і нават свае рэгіянальныя дыялекты.
Бр. Аляксандр Астраушка OFM Cap, 3-ці курс
Ад 10.05.2016. Пад рубрыкай
НАВIНЫ КУСТОДЫI.
Вы можаце сачыць за адказамі да гэтай запісы праз
RSS 2.0.
Адказы і заўвагі ў цяперашні час закрыты.