У Мінску заснаваная супольнасць Францішканскага Ордэна Свецкіх

Пад рубрыкай: НАВIНЫ КУСТОДЫI |

07Прыгожым восеньскім днём 2 кастрычніка парафіяне Уручча сабраліся, каб разам перажываць адпустовую святую Імшу ў парафіі святога Францішка. “У нас сёння многа прычынаў для радасці – развіваецца нашая парафіяльная супольнасць, узрастаюць сцены нашага будучага касцела… Але галоўная прычына і цэнтр нашай радасці – Эўхарыстыя,” – адзначыў ва ўступным слове адміністратар парафіі айцец Алег Вайцяховіч. Святую Імшу ўзначаліў Кусташ Беларускай Кустодыі Братоў Капуцынаў айцец Алег Шэнда, ён адзначыў, што можа дадаць яшчэ адну прычыну для радасці: падчас святой Імшы будзе падпісаны дэкрэт, які кананічна 08засноўвае супольнасць Францішканскага Ордэна Свецкіх (Трэцяга Ордэна) пры месцы прысутнасці братоў капуцынаў у Мінску. “Гэта – гістарычны момант для ўсіх католікаў Беларусі. Бо гэтым разам супольнасць Ордэна упершыню засноўваецца ў незалежнай Беларусі.” Ордэн францішканаў свецкіх у Мінску налічвае некалькі дзесяткаў чалавек, яшчэ тры асобы вырашылі ўступіць на шлях фармацыі Трэццяга Ордэна падчас святой Імшы.

 

Словы святочнай гаміліі, якую прамовіў айцец Андрэй Букштан, гучалі надзвычай святочна і ўзнёсла. Здавалася, 12у простых, нават суровых, умовах недабудаванага дольнага касцёла можна відавочна заўважыць прастату і шчырасць францішканскай духоўнасці. “Сапраўды, наша жыццё дае нам многа прычынаў для радасці, — распачаў сваю прамову айцец Андрэй, — але бывае і так, што радасць хутка праходзіць і ад яе нічога не застаецца. Гэта – радасць недасканалая.” У казанні айцец Андрэй падкрэсліў думку, што святы Францішак у сваім жыцці шукаў дасканалай радасці. А яе можна дасягнуць, калі мы губляем свой аўтарытэт, губляем сябе, дзеля таго каб узвысіўся Хрыстус.
Пасля святой Імшы вернікі парафіі святога Францішка падрыхтавалі тэатральную пастаноўку, у якой метафарычна паказалі небяспекі і спакусы для сучаснага чалавека. Супольная малітва, яркія ўражанні, цёплыя размовы за кавай і гарбатай, і добрае надвор’е стварылі надзвычай утульную атмасферу парафіяльнага свята.

 

На заканчэнне адміністратар парафіі а. Алег прызнаўся, што сённяшні дзень выклікае ў яго аналогіі з першымі хрысціянамі. А яны мелі сапраўды моцную веру, і гэтаму мы мусім у іх вучыцца. Каб бліжэй пазнаёміцца з францішканскай духоўнасцю, а. Алег запрашаў да ўдзелу ў набажэнстве TRANSITUS, якое адмыслова прысвечана адыходу да Айца Нябеснага святога Францішка. Набажэнства TRANSITUS адбудзецца 3 кастрычніка пасля святой Імшы а 18.30 у касцёле на Залатой горцы.

 

Тэкст: Зміцер Галіноўскі

Фота: Аксана Ючкавіч

Ад 03.10.2016. Пад рубрыкай НАВIНЫ КУСТОДЫI. Вы можаце сачыць за адказамі да гэтай запісы праз RSS 2.0. Адказы і заўвагі ў цяперашні час закрыты.