Чым жыве першая ў Беларусі майстэрня па вырабе літургічнага адзення?

Пад рубрыкай: НАВIНЫ КУСТОДЫI |
phoca_thumb_l_sacris-035«Ужо пашылі 20 сутан»: чым жыве першая ў Беларусі майстэрня па вырабе літургічнага адзення?

 

Працоўная раніца Людмілы Прывалавай пачынаецца з праверкі пошты і разбору новых замоў. Гадзіннік паказвае восем гадзін ранку, а ў майстэрні ўжо кіпіць праца.

 

Хтосьці замовіў новы арнат, іншы — алтарны абрус, чакаюць сваёй чаргі два дзясяткі сукенак для Першай Камуніі.

 

Майстэрня, дзе працуе Людміла, на сёння адзіная ў Беларусі, дзе вырабляюць літургічнае адзенне, а таксама іншыя патрэбныя ў літургіі прадметы — абрусы, харугвы, дываны, вышытыя іконы, бурсы і нават абгорткі для Бібліі і брэвіярыя…

 

Але пашыць тут можна не толькі гэта. Майстэрня прымае індывідуальныя замовы на сутаны, габіты, паліто.

 

«Нядаўна манахіні з Віцебскай дыяцэзіі замаўлялі ў нас габіты — прывозілі адзін як узор, каб мы знялі мерку, — прыгадвае Людміла Прывалава. — На замову мы можам пашыць шмат чаго — дыяканскія стулы з эксклюзіўным узорам, паліто з доўгім падолам. Чаго яшчэ не рабілі, так гэта галаўных ўбораў…»

 

Найчасцей сюды прыязджаюць асабіста, каб паглядзець гатовыя тавары і абмеркаваць дэталі. Але пэўная частка замоў — праз сайт SACRIS.BY

 

2017-04-18-sacris-002Ідэю прынеслі капуцыны

 

Майстэрня SACRIS VESTIBUS працуе ўжо тры гады. Большую частку з гэтага часу — пры парафіі Св. Казіміра ў Маладзечне, якой апякуюцца браты капуцыны.

 

«Спачатку мы задумвалі гэту майстэрню як своеасаблівую рэкламу кустодыі, — адзначае бр. Юрый Краўчанка. — Мы ўжо практыкавалі вытворчасць капуцынскага бальзаму і кавы капучына. Ідэя з майстэрняй — больш глабальная. На першых парах справа ішла марудна, бо ў нас не было вопыту. Сёння мы яшчэ выплачваем доўг за набыты станок, але паціху справа рушыцца».

 

Паводле слоў святара, такая адмысловая «дыверсіфікацыя» — прыклад дзейнасці манаскіх супольнасцяў за мяжой. У Вінніцы манахі заснавалі студыю па вытворчаці кінастужак і мультфільмаў, у Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі айцы аблаты выдаюць часопіс «Вадаграй», у Кракаве капуцыны вараць капуцынскі бальзам…

 

«Яшчэ мы абдумвалі ідэю сталярні, але спыніліся на майстэрні для літургічнага адзення», — заключае святар.

 

Манах дадае, што раней адным з цэнтраў, дзе шылі літургічнае адзенне быў Вільнюс, сёння ж многія беларускія духоўныя набываюць неабходную вопратку ў Польшчы.

 

«Але не кожны мае такую магчымасць, таму мы стварылі сваю беларускую майстэрню, якая б магла рабіць усё неабходнае на месцы», — заключае капуцын.

 

phoca_thumb_l_sacris-054«Найбольш папулярная замова — абрус»

 

Сёння ў майстэрні працуюць шэсць чалавек. Акрамя Людмілы Прывалавай — яшчэ канструктар, вышывальшчыца, закройшчыца і швачкі. «У нас працуюць як католікі, так і праваслаўныя. Але ў працы гэта ніколі не перашкаджала. Усё, што робім, — з клопатам пра людзей».

 

Людміла Прывалава адзначае, што найбольш папулярны прадмет, які замаўляюць, — гэта абрус.

 

«Абрусы мы шыем найбольш часта. У ТОП-2 ўваходзяць таксама альбы: каб пашыць адну альбу, як правіла, трэба каля трох гадзін. Куды цяжэй шыюцца сутаны — пасля абмеркі і раскройкі праходзіць 3-4 гадзіны, перш чым святар можа прымерыць першы варыянт. Выраб жа адной сутаны ад пачатку і да канца займае 25 гадзін бесперапытаннай працы», — удакладняе Людміла.

 

На першых парах супрацоўніц майстэрні кансультаваў Чэслаў Жук, адзін з найбольш вядомых у Беларусі краўцоў, які шые сутаны. За яго плячыма — 25 гадоў кравецкага вопыту…

 

У самой майстэрні на сёння пашыта 20 сутан. Як адзначаюць супрацоўніцы, колькасць замоў ад беларускіх святароў залежыць ад літургічнага перыяду.

 

«Самым спакойным часам можна назваць жнівень. А найбольш ударны — май», — заключае Людміла.

 

phoca_thumb_l_sacris-004«У нас быў выпадак, калі мы абшывалі дыяканскую стулу стразамі»

 

Кошт кожнай канкрэтнай рэчы, як адзначаюць у майстэрні, найперш залежыць ад матэрыяла, часу і прысутнасць дэкору (вышывак і г.д.).

 

«У нас быў выпадак, калі мы абшывалі дыяканскую стулу стразамі, — распавядае Людміла Прывалава. — У цэлым замовы ёсць, але не так шмат, як хацелася б. Датычна коштаў, то мы сочым, каб у нас было не даражэй за тыя ж самыя рэчы ў замежных крамах».

 

Майстар Ірына Голуб у SACRIS VESTIBUS прыйшла з маладзечанскага тэхнікума, дзе працавала канструктарам-закройшчыцай. У яе працу ўваходзіць выраб лекала — папяровай асновы для будучых мадэляў, па якіх майструецца эскіз.

 

Дадаткова Ірына распрацоўвае сцёжкі для мадэлі, а затым апрацоўвае мадэлі адзення на спецыяльнай камп’ютарнай праграмай для дызайну вышывак.

 

Яшчэ адна Ірына — вышывальшчыца Ірына Кандратовіч — сочыць за працай станка, які наносіць на тканіну вышыўку. Адначасова станок вышывае дзевяццю (!) ніткамі, таму важна, каб праца не збівалася.

 

phoca_thumb_l_sacris-024Краўчыха Тамара Валынец да прыходу ў SACRIS VESTIBUS была раскройшчыцай у гарадскім атэлье.

 

«Ніколькі не шкадую, што змяніла працу. Тут праца творчая, а гэта заўсёды прыносіць унутранае задавальненне, — адзначае жанчына. — Да таго ж заўсёды прыемна бачыць, калі кліент задаволены нашай працай».

 

Падтрымлівае калегу і партная Вольга Садоўская:

 

«У кожнага чалавека, улічваючы яго камплекцыю, сваё бачанне таго, як павінна сядзець рэч, — адзначае Вольга. — Дагадзіць кліенту — вялікая адказнасць. Часам трэба пераконваць. Вельмі радуе, калі чалавек задаволены нашай працай: значыць — не дарма».

 

2017-04-18-sacris-001«Для літургіі ў нас можна набыць усё»

 

За набыццё фурнітуры ў майстэрні адказвае Валянціна Варанюк, якая працуе пры парафіі Св. Казіміра і вырашае гаспадарчыя пытанні SACRIS VESTIBUS, звязаныя з выездамі і аплатай.

 

Звычайна матэрыялы для будучых тавараў жанчына набывае ў Мінску і Польшчы.

 

«У Польшчы штосьці можна набыць танней, чым у Беларусі, але не заўсёды, — адзначае Валянціна. — Штосьці з матэрыялу нам прывозяць беларускія семінарысты, якія вучацца ў Італіі. Не так даўно я была ў польскіх Кельцах на выстаўцы літургічнага адзення і магу сказаць, што наша майстэрня дастаткова канкурэнтаздольная. Сёння ў нас можна набыць усё для літургіі».

 

Валянціна прызнаецца, што яе засмучае той факт, што беларускія святары пакуль не так актыўна звяртаюцца да іх з замовамі, а працягваюць набываць літургічнае адзенне за мяжой.

 

«Мы хацелі б развівацца і далей. Хацелі б, каб нашы беларускія святары нас заўважалі. Бо найперш мы працуем для іх. Мы сур’ёзна ставімся да працы — я лічу, што нашы вырабы па якасці не саступаюць таварам з Польшчы. Але ўсё ў Божых руках».

 

Паводле слоў Валянціны, іх прадукцыяй паціху пачынаюць цікавіцца святары з Расіі. А яна сама плануе прааналізаваць магчымы рынак і ва Украіне.

 

«Спадзяюся, Бог дасць ласку, каб наша справа развівалася і надалей. Дарэчы, замовы ў нас робяць не толькі святары, але і свецкія, рыхтуючы падарунак духавенству».

 

Аднак, калі справа датычыць сутаны, то набыць яе свецкаму хлопцу будзе не так проста.

 

«Свецкія без праблем могуць набыць у нас комжу. У якасці падарункаў яны замаўляюць арнаты і альбы, але для таго, каб пашыць сутану, хлопец павінен пераканаць нас у тым, што ён семінарыст», — дадае Валянціна Варанюк.

 

Жанчына ведае, пра што гаворыць: абодва яе сыны — семінарысты.

 

Паводле матэрыялаў інтэрнет-партала catholic.by

Ад 18.04.2017. Пад рубрыкай НАВIНЫ КУСТОДЫI. Вы можаце сачыць за адказамі да гэтай запісы праз RSS 2.0. Адказы і заўвагі ў цяперашні час закрыты.