17-18 чэрвеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў у Тракелях адбылася агульнанацыянальная сустрэча членаў Францішканскага ордэна свецкіх.
На сустрэчу прыбыло больш за 70 чалавек – духоўных сыноў і дачок святога Францішка з розных бакоў Беларусі. Прысутнічалі свецкія францішкане, якія рэалізуюць сваё пакліканне пры кляштарах капуцынаў у Мінску, Маладзечне, Смалявічах і Ліпнішках.
Па традыцыі члены Францішканскага ордэна свецкіх правялі ўсяночную адарацыю перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам у інтэнцыі новых пакліканняў у свой ордэн, новых пакліканняў да служэння ў Касцёле і ў інтэнцыі сем’яў нашай краіны.
У межах сустрэчы 10 чалавек на рукі настаяцельніцы Францішканскага ордэна свецкіх у Беларусі сястры Марыі Этоль склалі вечныя абяцанні, 3 чалавекі – часовыя абяцанні, таксама былі прыняты ў навіцыят і пастулат новыя члены.
Кульмінацыяй сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў у тракельскім санктуарыі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх у сваім слове адзначыў, што тыя, хто належыць да гэтай свецкай францішканскай сям’і, з’яўляюцца багаццем для сваіх дыяцэзій і для ўсяго Паўсюднага Касцёла.
“Дзякую вам за тое, што праз сваё штодзённае, не раз схаванае служэнне, вы спрыяце ўзрастанню Касцёла”, – дадаў біскуп.
Іерарх падзякаваў усім, хто належыць да гэтай супольнасці, за кожную малітву і пакуту, якую здзяйсняюць у інтэнцыі святароў, новых пакліканняў да святарства і ордэна і ў інтэнцыі сем’яў Беларусі. Біскуп заклікаў, каб на ўзор свайго духоўнага правадніка святога Францішка, бедняка з Асізі, яны працягвалі трываць на малітве і служыць Касцёлу, быць відавочным прыкладам хрысціянскай веры ў сваіх сем’ях і асяроддзях.
З выкарыстаннем матэрыялаў інтэрнет-партала grodnensis.by