На тэрыторыі докшыцкай бальніцы была асвечаная выява анёла

Пад рубрыкай: НАВIНЫ КУСТОДЫI |

0930 жніўня на тэрыторыі докшыцкай бальніцы адбылося асвечанне выявы анёла . Ідэя ўстаноўкі гэтай выявы належыць урачу Казіміру Яцыну, які ўжо тры гады працуе ў Докшыцах. Падобнага анёла ён таксама ўсталяваў, калі працаваў у глыбоцкай бальніцы.

 

Выяву анёла асвяціў пробашч докшыцкай парафіі айцец Андрэй Букштан. На гэту ўрачыстасць сабраліся работнікі бальніцы. Перад тым, як правесці непасрэдна абрад асвячэння, айцец Андрэй звярнуўся да супрацоўнікаў бальніцы. Ён адзначыў, што пакліканне святара і ўрача ў нечым падобнае:

 

«Заўсёды гэта падабенства ў любові. Бо сутнасцю любові ёсць служэнне іншаму чалавеку. Калі мы збіраемся на бласлаўленне выявы анёлаў, якія створаныя для таго, каб служыць чалавеку, то ў нейкай ступені таксама з’яўляемся анёламі, якія пасланыя да людзей церпячых, людзей хворых, якія патрэбная наша прысутнасць, наша ўсмешка, наша добрае слова, тое, што мы іх можам заўважыць і дапамагчы.»

 

Усе прысутныя разам са святаром і сёстрамі законнымі, што таксама прымалі ўдзел у гэтай урачыстасці, памаліліся літаніяй да анёлаў. Потым айцец Андрэй асвяціў выяву анёла.

 

Напрыканцы Казімір Яцына падзякаваў усім людзям, хто дапамог яму з ажыццяўленнем яго ідэі. Асабліваю падзяку ён выказаў загадчыку гаспадаркай бальніцы Канстанціну Раслевічу за дапамогу ў ажыццяўленні яго ідэі. Канстанцін Раслевіч у сваю чаргу адзначыў, што яму ў гэтым дапамагла ахвярнасць нашых людзей, якія гэту ідэю падтрымалі. Таксама ён пажадаў усім не забывацца ў сваім жыцці пра Бога.

 

Будзем спадзявацца, што гэта выява будзе ахоўваць і тых, хто працуе ў гэтай бальніцы, і тых хворых, што будуць звяртацца сюды па дапамогу.

 

З выкарыстаннем матэрыялаў сайта catholicnews.by

 

Ад 01.09.2017. Пад рубрыкай НАВIНЫ КУСТОДЫI. Вы можаце сачыць за адказамі да гэтай запісы праз RSS 2.0. Адказы і заўвагі ў цяперашні час закрыты.