Свецкія францішкане з Мінска, Маладзечна і Ліпнішак, а таксама францішканская моладзь, прынялі ўдзел у Нацыянальнай сустрэчы Францішканскага Ордэна Свецкіх

Пад рубрыкай: НАВIНЫ КУСТОДЫI |
1

Прадстаўнікі мінскай супольнасці з біскупам Александрам

2–3 чэрвеня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Гродзенская дыяцэзія) адбылася нацыянальная сустрэча членаў Францішканскага Ордэна Свецкіх. У сустрэчы бралі ўдзел больш за 70 мужчын і жанчын з розных куткоў Беларусі, якія жывуць францішканскай духоўнасцю ў свеце.

 

Моладзь з Мінска прадстаўляе песню пра дасканалую радасць

Моладзь з Мінска прадстаўляе песню пра дасканалую радасць

Па традыцыі, удзельнікі сустрэчы правялі чуванне з адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту ў інтэнцыі новых пакліканняў у вялікую і разнастайную францішканскую сям’ю, новых пакліканняў да служэння ў Касцёле, а таксама ў інтэнцыі сем’яў нашай краіны.

 

Падчас сустрэчы некалькі чалавек, якія папярэдне прайшлі адпаведную фармацыю, у прысутнасці настаяцельніцы Францішканскага Ордэна Свецкіх у Беларусі сястры Марыі Этоль прынеслі вечныя i часовыя абяцанні. Таксама адбылося прыняцце новых членаў у навіцыят і пастулат.

 

Выступ моладзі з Гродна

Выступ моладзі з Гродна

Радаснай адметнасцю сёлетняй сустрэчы было тое, што ў ёй прыняла ўдзел таксама францішканская моладзь з Гродна і Мінска.

 

 

Кульмінацыяй сустрэчы стала св. Імша, цэлебрацыю якой узначаліў у тракельскім санктуарыі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх у сваім слове адзначыў, што тыя, хто належыць да францішканскай супольнасці свецкіх, з’яўляюцца багаццем для сваіх дыяцэзій і для ўсяго Паўсюднага Касцёла. Біскуп падзякаваў членам трэцяга ордэна за тое, што яны атачаюць сваёй малітвай Касцёл на Беларусі, і заклікаў іх надалей трываць у гэтай добрай справе.

 

 

Віншаванне тых, хто склаў абяцанні

Віншаванне тых, хто склаў абяцанні

Даведка
Пачатак Францішканскаму Ордэну Свецкіх у 1221 г. даў сам св. Францішак, выходзячы насустрач патрэбам Касцёла і свецкіх людзей, якія жывуць у сем’ях. Асізскі бядняк прапанаваў ім новую форму жыцця ідэаламі Евангелля, называючы іх братамі і сёстрамі ад Пакаяння.
Правілам для свецкіх францішканаў з’яўляецца жыццё Евангеллем Езуса Хрыста праз наследаванне св. Францішка з Асізі, для якога Хрыстус быў натхненнем і цэнтрам жыцця ў адносінах да Бога і людзей.
Па прыкладу св. Францішка пакліканыя да аднаўлення Касцёла, свецкія францішкане імкнуцца да дасканаласці ў сваім штодзённым жыцці.
Яны выхоўваюць свой спосаб мыслення на ўзор Хрыста праз поўную і дасканалую ўнутраную перамену, якую Евангелле называе навяртаннем. Жывучы ў свеце высокімі евангельскімі ідэаламі, гэтыя людзі ачышчаюць сваё сэрца ад дрэнных схільнасцяў, ад прагі валодання і панавання, будуюць братэрскую супольнасць і евангельскі свет у кожнай сітуацыі, змагаюцца са спакусамі, пашыраючы дома і на працы паняцце агульнага дабра і братэрства.
У духу св. Францішка, яны стараюцца несці людзям радасць і надзею ў кожны час і ў кожным месцы. Іх стылю жыцця ўласціва таксама палымяная малітва: як асабістая, так і супольная, а таксама бескарыслівыя ўчынкі міласэрнасці для бедных і патрабуючых.

З выкарыстаннем матэрыялаў інтэрнет-партала catholic.by

Ад 07.06.2018. Пад рубрыкай НАВIНЫ КУСТОДЫI. Вы можаце сачыць за адказамі да гэтай запісы праз RSS 2.0. Адказы і заўвагі ў цяперашні час закрыты.