Рэчаіснасць падзеленнага хрысціянства так глыбока ўвайшла ў нашае жыццё, што ў многіх веруючых значна прытупілася пачуццё ненармальнасці і трагічнасці такой сітуацыі. Як думаеце, які адказ вы пачуеце, калі ў сваіх знаёмых, нават глыбока веруючых, зыпытаецеся: «Ці аб’яднаюцца калі-небудзь католікі і праваслаўныя ў адно?»
А як бы на гэтае пытанне адказаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI? «Малітва, навяртанне сэрца, узмацненне ўзаемных сувязяў з’яўляюцца асновай гэтага духоўнага руху [экуменічнага], які, я спадзяюся, хутка прывядзе да (…) супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі на знак адзінства»[1]. А вось яго выказванне пра каталіцка-праваслаўны тэалагічны дыялог: «Няхай Дух Святы кіруе і апякуецца гэтай вялікай касцёльнай справай, заданне якой — вярнуць поўнае і бачнае адзінства Касцёлаў Усходу і Захаду» [2]. Пры гэтым Святы Айцец нам прыпамінае, што «клопат пра аб’яднанне хрысціянаў не з’яўляецца заданнем толькі некаторых або дзейнасцю дадатковай. Кожны пакліканы, каб зрабіць свой уклад у набліжэнні да поўнага адзінства ўсіх вучняў Хрыста» [3]. «Гэта павінна разумецца як абавязак маральны, адказ на выразны заклік Пана, — навучае Бэнэдыкт XVI. — Таму трэба перамагчы спакусу занядбання і песімізму, бо гэта з’яўляецца праяўленнем недаверу да моцы Духа Святога» [4].
Мімаволі з’яўляецца пытанне: а чым я, такі малы чалавечак у Касцёле, магу наблізіць гэты момант бачнага аб’яднання? Ад мяне нібы не залежыць, «калі яны там навярху дамовяцца».
А аднак жа залежыць вельмі шмат! Мэтай серыі артыкулаў «Экуменічная старонка» з’яўляецца спроба разабрацца ў тым, як заклік Каталіцкага Касцёла да ўдзелу ў экуменічным руху можна аднесці да нашага звычайнага штодзённага жыцця. Каб пазбегнуць павярхоўнасці, здаецца, разумна распачаць ад адносін з той хрысціянскай канфесіяй, якая ў нашай краіне лічыцца найвялікшай — з Праваслаўнай Царквой, і з якой, як гаворыць Катэхізіс, «малага не хапае, каб (…) дайшло да супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі Панскай» [5].
Агульная схема тэмаў артыкулаў плануецца наступная:
на пачатку шэраг артыкулаў аб агульных прынцыпах экуменізму; далей – вялікія тэматычныя цыклы, прысвечаныя праблемам, якія бачацца найбольш важнымі.
А цяпер хацелася б прыгадаць словы малітвы Пана нашага Езуса Хрыста, якія павінны крануць сэрца кожнага веруючага чалавека:
Ойча святы, не толькі за іх [Апосталаў] прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім, каб яны былі адно, як і Мы адно. Я ў іх, а Ты ўва Мне. Каб былі з’яднаныя ў адно, каб свет пазнаў, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх, як палюбіў Мяне (Ян 17, 20–23).
Сноскі:
[1] Разважанне Бэнэдыкта XVI перад малітвай «Анёл Панскі» 20.01.2008 г.
[2] Сустрэча Бэнэдыкта XVI з праваслаўным арцыбіскупам Кіпра Хрызастомам ІІ 5.06.2010 г.
[3] Гамілія Бэнэдыкта XVI на заканчэнне Тыдня Малітваў аб Адзінстве Хрысціянаў 25.01.2010 г.
[4] Гамілія Бэнэдыкта XVI на заканчэнне Тыдня Малітваў аб Адзінстве Хрысціянаў 25.01.2011 г.