У 1938 г. у Пераломе над Нёманам быў пабудаваны кляштар капуцынаў. Ваеннае ліхалецце і савецкая ўлада знішчылі ўсё, што маглі. Толькі цудоўнае заступніцтва Маці Божай Пераломскай, да якой браты нястомна маліліся, учыніла так, што супольнасць заставалася ў гэтым месцы ажно да 1955 года, а адзін з братоў — бр. Крыспін — жыў у малой хатцы ў лесе нават да 1984 г.
У 90-я гады, калі ў Беларусі распачаўся перыяд рэлігійнага адраджэння, на месцы былога касцёла ў Пераломе вернікі пабудавалі капліцу, у якой двойчы ў год адбываецца ўрачыстасць. Дзякуючы запрашэнню мясцовага пробашча, кс. Паўла Шаньчука, сталымі гасцямі гэтых штогадовых урачыстасцей сталі, між іншым, капуцыны з Ліпнішак, Слоніма, Докшыц, Верхнядзвінска, Мінска, Смалявіч, колькасць якіх у Беларусі пачала стабільна ўзрастаць, а манаскае жыццё — адраджацца. Такім чынам, адпуставыя ўрачыстасці сталі нагодай для сустрэчы сучаснага пакалення капуцынаў з людзьмі, якія памятаюць першы прыезд братоў гэтага ордэна ў Беларусь.
Восенню 2009 года на братоў чакаў сюрпрыз, звязаны са старой «хаткай брата Крыспіна», які падрыхтавалі пераломскія жыхары і дачнікі для капуцынаў. Бачачы, што браты сюды прыязджаюць i начуюць, яны зрабiлi ў домiку рамонт. Асаблiва для гэтай справы ахвяравалiся Галiна Занеўская i Веранiка Аўдзей з Гродна, а таксама Зыгмунт Юрса з хутара Пералом. Яны, а таксама іншыя дабрадзеі зрабiлi гэта ад усяго сэрца i з любоўю да капуцынаў.
Публікацыі пра Пералом:
Вёска Пералом — гістарычная спадчына братоў капуцынаў
Капуцыны з усёй Беларусі сустрэліся на Гродзеншчыне
З любоўю да капуцынаў. Адраджэнне духоўнай спадчыны Пералома
Чалавек, які абраў засяроджанне ў пустэльні
Вяртанне братоў у Пералом (газета «Звязда» за 05.08.2014 г.)